Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Гала́таў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. О, неразу́мныя Гала́ты! хто вас так зачарава́ў, каб не скара́ліся ісціне, вас, перад вачы́ма якіх апíсаны быў Іісус Хрыстос, нíбы сярод вас распя́ты?
2. Толькі адно хачу ве́даць ад вас: праз спра́вы закону вы атрыма́лі Ду́ха ці праз про́паведзь ве́ры?
3. Хіба́ вы такія неразу́мныя, што, пача́ўшы Ду́хам, цяпер завярша́еце пло́ццю?
4. Няўжо́ вы столькі перацярпе́лі ма́рна? Калі б толькі ма́рна!
5. Той, Хто дае́ вам Духа і здзяйсня́е сярод вас цу́ды, робіць гэта праз спра́вы закона ці праз про́паведзь ве́ры?
6. Так, як Аўраа́м паве́рыў Богу, і гэта залічы́лася яму як пра́веднасць.
7. Дык ве́дайце, што ве́руючыя — гэта сыны́ Аўраа́мавы.
8. І Піса́нне, прадба́чачы, што Бог па веры апраўда́е язы́чнікаў, прадвясцíла Аўраа́му: «у табе благаславёныя бу́дуць усе наро́ды».
9. Так што ве́руючыя благаслаўля́юцца з ве́рным Аўраа́мам,
10. а ўсе, хто спадзяе́цца на спра́вы зако́ну, тыя пад пракля́ццем. Бо напíсана: «пракля́ты кожны, хто не трыма́ецца ўсяго, што напíсана ў кнíзе закону, каб вы́канаць гэта».
11. А што зако́нам ніхто не атры́млівае апраўда́ння перад Богам, гэта я́сна, бо пра́ведны ве́раю жывы́ будзе.
12. Закон жа не ад веры; наадваро́т, у ім ска́зана: хто выко́нвае яго, той жывы́ будзе ім.
13. Хрыстос вы́купіў нас ад пракля́цця закону, зрабíўшыся за нас пракля́ццем, — бо напíсана: «пракля́ты кожны, хто вісíць на дрэ́ве», —
14. каб благаславе́нне Аўраа́мава было́ праз Хрыста Іісуса на язы́чніках, каб абяца́нага Духа мы атрыма́лі па ве́ры.
15. Браты! я кажу́, разважа́ючы як чалаве́к: на́ват чалаве́кам зацве́рджанага завяшча́ння ніхто не адмяня́е і не дапаўня́е.
16. Аўраа́му ж да́дзены былí абяца́нні і се́мені яго. Не ска́зана: «і насе́нню», як пра мно́гіх, а як пра аднаго: «і се́мені твайму», якое ёсць Хрыстос.
17. Вось што я кажу́: раней зацве́рджанага Богам запаве́ту пра Хрыста закон, які з’явíўся на чаты́рыста тры́ццаць гадо́ў пазне́й, не адмяня́е і не скасо́ўвае абяца́ння.
18. Бо калі паво́дле зако́ну спа́дчына, то ўжо не паво́дле абяца́ння; але Аўрааму Бог даў гэта паво́дле абяца́ння.
19. Наво́шта ж закон? Ён быў да́дзены пазне́й з-за злачы́нстваў — да ча́су прышэ́сця се́мені, якому да́дзена абяца́нне, — і перада́дзены праз а́нгелаў, руко́ю пасрэ́дніка.
20. Але пасрэ́дніка пры адны́м не быва́е, а Бог адзін.
21. Дык што, закон су́праць абяца́нняў Божых? Ні ў якім ра́зе! Бо калі б да́дзены быў закон, які можа дава́ць жыццё, то сапраўды́ пра́веднасць была́ б ад закону;
22. але Піса́нне ўсё замкну́ла пад грахо́м, каб абяца́нне да́дзена было́ па ве́ры ў Іісуса Хрыста ве́руючым.
23. Але да таго як прыйшла́ ве́ра, мы былí замкнёнымі пад ва́ртаю зако́ну ў чака́нні адкрыцця́ ве́ры.
24. Так што закон стаў для нас выхава́целем, які вёў да Хрыста, каб мы былі апраўда́ны ве́раю;
25. калі ж прыйшла́ ве́ра, то мы ўжо не пад апе́кай выхава́целя.
26. Бо ўсе вы — сыны́ Божыя па ве́ры ў Хрыста Іісуса;
27. усе вы, што ў Хрыста ахрысцíліся, у Хрыста апрану́ліся.
28. Няма ўжо ні Іудзе́я, ні язы́чніка; няма ні раба́, ні свабо́днага; няма ні мужчы́нскага по́лу, ні жано́чага: бо ўсе вы — адно ў Хрысце Іісусе.
29. Калі ж вы Хрысто́вы, то вы — се́мя Аўраа́мава і спадкае́мцы паво́дле абяца́ння.