Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Гала́таў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 2
1. Потым, праз чатырна́ццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Іерусалім з Варна́вам, узя́ўшы з сабою і Цíта.
2. Хадзіў жа паво́дле адкраве́ння і тое дабраве́сце, якое прапаве́дую язы́чнікам, вы́клаў ім, а асобна — самым шанава́ным, каб вы́значылі, ці не ма́рна я прыклада́ю і прыклада́ў свае сілы.
3. Але і Цíта, які быў са мною, не прымуша́лі абрэ́зацца, хоць ён і Э́лін.
4. А што да лжэбрато́ў, якія скры́тна пранíклі, каб падгле́дзець свабо́ду нашу, якую мы ма́ем у Хрысце Іісусе, і каб паняво́ліць нас,
5. то мы не саступíлі і не падпарадкава́ліся ім ні на хвіліну, каб ісціна дабраве́сця захава́лася ў вас.
6. І ў шанава́ных за нешта, якімі б яны калісьці ні былí, для мяне няма нічога асаблíвага: Бог не зважа́е на аблíчча чалаве́ка. І шанава́ныя не ўскла́лі на мяне нічога больш;
7. наадваро́т, уба́чыўшы, што мне даве́рана дабраве́сце для неабрэ́заных, як Пятру для абрэ́заных, —
8. бо Той, Хто садзе́йнічаў Пятру ў апо́стальстве сярод абрэ́заных, садзе́йнічаў і мне сярод язы́чнікаў, —
9. і даве́даўшыся пра благада́ць, да́дзеную мне, Іа́каў, і Кíфа, і Іаа́н, якіх шанава́лі як стаўпо́ў, падалí мне і Варна́ву руку́ адзíнства, каб нам ісці да язы́чнікаў, а ім да абрэ́заных,
10. толькі каб мы па́мяталі пра ўбо́гіх, што якраз і стара́ўся я выко́нваць.
11. Калі ж Пётр прыйшоў у Антыяхíю, то я адкры́та вы́ступіў су́праць яго, таму што ён быў ва́рты дако́ру:
12. бо да прыхо́ду некато́рых ад Іа́кава ён еў разам з язы́чнікамі; а калі тыя прыйшлі, пача́ў ухіля́цца і трыма́цца асо́бна, баючы́ся абрэ́заных.
13. Крываду́шнічалі разам з ім і іншыя Іудзеі, так што на́ват Варна́ва падда́ўся іх крываду́шнасці.
14. Але калі я ўба́чыў, што яны не іду́ць пра́ма паво́дле ісціны Дабраве́сця, то сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты, бу́дучы Іудзе́ем, жыве́ш па-язы́чніцку, а не па-іудзе́йску, то наво́шта язы́чнікаў прымуша́еш жыць па-іудзе́йску?
15. Мы па прыро́дзе Іудзеі, а не з язы́чнікаў грэ́шнікі;
16. аднак, даве́даўшыся, што чалавек атры́млівае апраўда́нне не паво́дле спраў зако́ну, а толькі праз ве́ру ў Іісуса Хрыста, і мы ўве́равалі ў Хрыста Іісуса, каб быць апраўда́нымі ве́раю ў Хрыста, а не спра́вамі зако́ну; бо спра́вамі зако́ну не будзе апраўда́на нія́кая плоць.
17. Калі ж, шука́ючы апраўда́ння ў Хрысце, мы і самі аказа́ліся грэ́шнікамі, то няўжо́ Хрыстос — слуга́ граху́? Ні ў якім разе!
18. Бо калі я зноў буду́ю тое, што разбуры́ў, тады сам сябе раблю́ злачы́нцам.
19. Я ж праз закон памёр для закону, каб жыць для Бога. Я — распя́ты з Хрыстом,
20. і ўжо не я жыву́, а жыве́ ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву́ ў пло́ці, то жыву́ ве́раю ў Сына Божага, Які ўзлюбíў мяне і адда́ў Сябе за мяне.
21. Не адкіда́ю благада́ці Божай. Бо калі апраўда́нне дасяга́ецца праз закон, то Хрыстос памёр ма́рна.