Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Гала́таў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел, Апостал не ад людзе́й і не праз чалаве́ка, а праз Іісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасíў Яго з мёртвых,
2. і ўсе браты́, што са мною, — цэ́рквам Галаты́йскім:
3. благада́ць вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Іісуса Хрыста,
4. Які адда́ў Самога Сябе за грахí нашы, каб вы́зваліць нас з цяпе́рашняга ве́ку злога, па волі Бога і Айца нашага;
5. Яму сла́ва на ве́кі вякоў. Амінь.
6. Здзіўля́юся, што вы ад Таго, Хто паклíкаў вас благада́ццю Хрыстовай, так ху́тка перахо́дзіце да іншага дабраве́сця,
7. якое не з’яўля́ецца іншым, але ёсць некато́рыя, што се́юць сму́ту сярод вас і хочуць сказíць дабраве́сце Хрыстова.
8. Але калі б нават мы альбо Ангел з неба стаў дабраве́сціць вам не тое, што мы дабраве́сцілі вам, — няха́й будзе ана́фема.
9. Як ране́й мы сказалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто дабраве́сціць вам не тое, што вы прынялí, — няха́й будзе ана́фема.
10. Ці ў людзе́й я цяпер шука́ю прыхíльнасці, ці ў Бога? хіба́ лю́дзям намага́юся дагаджа́ць? Калі б я ўсё яшчэ лю́дзям дагаджа́ў, то не быў бы рабом Хрысто́вым.
11. Абвяшча́ю вам, браты́, што Ева́нгелле, якое я дабраве́сціў, не ёсць нешта чалаве́чае;
12. бо і я не ад чалаве́ка прыня́ў яго і быў наву́чаны, а праз адкраве́нне Іісуса Хрыста.
13. Вы ж чулі пра маё ране́йшае жыццё ў Іудзействе, пра тое, што я жо́рстка перасле́даваў Царкву Божую і вынішча́ў яе,
14. і пераўзыхо́дзіў у Іудзе́йстве многіх раве́снікаў з роду майго, бу́дучы заўзя́тым пабо́рнікам бацько́ўскіх пада́нняў маіх.
15. Калі ж Бог, Які вы́браў мяне ад уло́ння маці маёй і паклíкаў благада́ццю Сваёю, пажада́ў
16. адкры́ць Сына Свайго ўва мне, каб я дабраве́сціў Яго сярод язы́чнікаў, то я адразу не стаў ра́іцца з пло́ццю і крывёю
17. і не пайшоў у Іерусалім да тых, якія раней за мяне сталі Апо́сталамі, а пайшоў у Ара́вію і зноў вярну́ўся ў Дама́ск.
18. Потым, праз тры гады, хадзіў я ў Іерусалім пазнаёміцца з Пятром і прабы́ў у яго пятнаццаць дзён.
19. Іншага ж з Апосталаў я не бачыў нікога, акрамя Іа́кава, брата Гасподняга.
20. А тое, што пішу вам, — вось, перад Богам, — не лгу.
21. Потым пайшоў я ў зе́млі Сíрыі і Кілікíі.
22. Цэ́рквам Хрыстовым у Іудзеі я асабíста не быў вядо́мы,
23. а толькі чу́лі яны, што той, хто не́калі перасле́даваў іх, цяпер дабраве́сціць веру, якую тады вынішча́ў, —
24. і праслаўля́лі за мяне Бога.