Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Эфе́сян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 6
1. Дзеці, слу́хайцеся ў Госпадзе бацько́ў вашых, бо гэта пра́ведна.
2. «Шану́й ба́цьку твайго і ма́ці» — гэта першая за́паведзь з абяца́ннем:
3. «каб добра табе было́ і ты до́ўга жыў на зямлí».
4. І вы, бацькí, не раздражня́йце дзяце́й вашых, а выхо́ўвайце іх у вучэ́нні і настаўле́нні Гасподнім.
5. Рабы́, слу́хайцеся гаспадаро́ў сваіх па пло́ці са стра́хам і трымце́ннем, у прастаце́ сэ́рца вашага, як Хрыста,
6. слу́жачы не напака́з, як чалавекаўго́днікі, а як рабы́ Хрыста, выко́нваючы во́лю Божую ад душы́,
7. шчы́ра слу́жачы, як Госпаду, а не як лю́дзям,
8. ве́даючы, што кожны, ці то раб, ці свабодны, калі зро́біць нешта до́брае, тое ж атрыма́е ад Госпада.
9. І вы, гаспадары́, рабіце ім тое самае, стры́млівайце суро́васць, ве́даючы, што і над вамі самімі, і над імі ёсць на нябёсах Гасподзь, Які не зважа́е на асо́бы.
10. Нарэ́шце, браты́ мае́, умацо́ўвайцеся ў Госпадзе і ў магу́тнасці сілы Яго;
11. апранíцеся ва ўсе даспе́хі Божыя, каб маглі вы супрацьстая́ць кава́рству дыя́вала;
12. бо змага́нне наша не су́праць крывí і пло́ці, а су́праць нача́льстваў, су́праць улад, су́праць сусве́тных уладаро́ў це́мры ве́ку гэтага, су́праць злых ду́хаў паднябе́сных.
13. Дзе́ля гэтага вазьмíце ўсе даспе́хі Божыя, каб маглі вы супрацьста́ць у дзень ліхí і, усё адо́леўшы, вы́стаяць.
14. Так што ста́ньце, падпераза́ўшы сябе íсцінай, і апрану́ўшы браню́ пра́веднасці,
15. і абу́ўшы ногі ў гато́ўнасць дабраве́сціць мір;
16. а перш за ўсё вазьмíце шчыт ве́ры, якім вы змо́жаце пагасíць усе распа́леныя стрэ́лы злога;
17. і шлем спасе́ння вазьмíце, і меч духоўны, які ёсць сло́ва Божае;
18. усякаю малíтваю і прашэ́ннем малíцеся ва ўсякую пару́ ду́хам і пра гэта дба́йце з усёй цярплíвасцю і прашэ́ннем за ўсіх святы́х
19. і за мяне, каб мне да́дзена было́ слова — ву́снамі маімі з адва́гаю не́сці та́йну дабраве́сця,
20. пасло́м якога я з’яўля́юся ў ако́вах, каб я адва́жна прапаве́даваў, як мне і нале́жыць.
21. А каб і вы ве́далі, што́ са мною і што́ я раблю, усё паве́даміць вам Цíхік, узлю́блены брат і ве́рны ў Госпадзе служы́цель,
22. якога я і пасла́ў да вас дзе́ля таго, каб вы даве́даліся пра нас і каб ён суце́шыў сэ́рцы вашы.
23. Мір брата́м і любоў з ве́раю ад Бога Айца і Госпада Іісуса Хрыста.
24. Благада́ць з усімі, хто лю́біць Госпада нашага Іісуса Хрыста непару́шна. Амінь.