Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Эфе́сян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 5
1. Дык вось, бу́дзьце перайма́льнікамі Бога, як дзе́ці ўзлю́бленыя,
2. і жывíце ў любові, як і Хрыстос узлюбíў нас і адда́ў Сябе за нас у прынашэ́нне і ахвя́ру Богу як пах во́дарны.
3. А блуд і ўсякая нечыстата́ або хцíвасць не павíнны нават зга́двацца сярод вас, як гэта ма́е быць у святы́х;
4. таксама бессаро́мнасць і бязглу́здыя размо́вы ці непрысто́йныя жа́рты — гэта няго́жа, а лепш падзя́ка;
5. бо тое ве́дайце, што нія́кі блуднíк, альбо нячы́сты, альбо хцíвец, гэта зна́чыць ідаласлужы́цель, не ма́е спа́дчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
6. Няха́й ніхто не падма́нвае вас пусты́мі сло́вамі, бо за гэта прыхо́дзіць гнеў Божы на сыно́ў праціўле́ння;
7. дык не ма́йце нічога супо́льнага з імі.
8. Вы калíсьці былí це́мраю, а цяпе́р — святло́ ў Го́спадзе: паво́дзьце сябе як дзе́ці святла́,
9. бо плод Духа — ва ўсякай до́брасці, пра́веднасці і íсціне;
10. распазнава́йце, што́ даспадо́бы Богу,
11. і не ўдзе́льнічайце ў бяспло́дных спра́вах це́мры, а, наадваро́т, выкрыва́йце.
12. Бо пра тое, што́ яны та́йна ро́бяць, со́рамна і гавары́ць.
13. А ўсё вы́крытае ро́біцца я́ўным ад святла́, бо ўсё, што ро́біцца я́ўным, — гэта святло́;
14. таму ска́зана: «уста́нь, хто спіць, і ўваскрэ́сні з мёртвых, і асве́тліць цябе́ Хрыстос».
15. Дык глядзíце, нако́лькі асцяро́жна вы паво́дзіце сябе, бу́дзьце не як неразу́мныя, а як му́дрыя,
16. даражы́це ча́сам, бо дні ліхíя.
17. Таму не бу́дзьце неразва́жнымі, а спасціга́йце, у чым воля Божая.
18. І не ўпіва́йцеся віно́м, ад якога быва́е распу́снасць; а напаўня́йцеся Ду́хам,
19. звярта́ючыся адзін да аднаго́ псалма́мі, і гíмнамі, і пе́снямі духо́ўнымі, спява́ючы і ўсхваля́ючы ў сэ́рцах вашых Госпада,
20. дзя́куючы заўжды́ за ўсё Богу і Айцу, у імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста,
21. падпарадко́ўваючыся адзін аднаму́ ў стра́ху Божым.
22. Жо́нкі, падпарадко́ўвайцеся сваім мужа́м, як Госпаду,
23. бо муж ёсць галава́ жо́нкі, як і Хрыстос — галава́ Царквы, і Ён жа Спасіцель це́ла.
24. Але як Царква падпарадко́ўваецца Хрысту, так і жо́нкі сваім мужа́м ва ўсім.
25. Мужы́, любíце сваіх жо́нак, як і Хрыстос узлюбíў Царкву і адда́ў Сябе за яе,
26. каб асвяцíць яе, ачы́сціўшы ў купе́лі во́днай праз сло́ва;
27. каб паста́віць яе перад Сабой як сла́ўную Царкву, якая не ма́е пля́мы, ці зага́ны, ці чаго-не́будзь падо́бнага, а каб яна была́ свято́й і бездако́рнай.
28. Так павíнны мужы́ любíць сваіх жо́нак, як свае́ це́лы: хто лю́біць сваю жо́нку, той лю́біць само́га сябе.
29. Бо ніхто ніколі не меў няна́вісці да сваёй пло́ці, а ко́рміць і грэ́е яе, як і Гасподзь Царкву,
30. таму што мы чле́ны Це́ла Яго, ад пло́ці Яго і ад касце́й Яго.
31. Таму пакíне чалаве́к ба́цьку свайго і ма́ці і прыле́піцца да жо́нкі сваёй, і бу́дуць дво́е адно́й пло́ццю.
32. Та́йна гэтая вялікая; а гавару́ я ў адно́сінах да Хрыста і да Царквы.
33. Так кожны з вас няха́й лю́біць сваю жо́нку, як само́га сябе; а жо́нка няха́й баíцца свайго му́жа.