Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Эфе́сян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 4
1. Дык вось, я, вя́зень у Госпадзе, прашу́ вас жыць дасто́йна паклíкання, да якога вы заклíканы,
2. з усёй пакорнаму́драсцю і лаго́днасцю, з доўгацярплíвасцю, падтры́мліваючы адзін аднаго́ з любоўю,
3. стара́ючыся захо́ўваць адзíнства ду́ху ў саю́зе міру.
4. Адно це́ла і адзін дух, як вы і заклíканы да адной надзе́і ва́шага паклíкання;
5. адзíн Гасподзь, адна́ ве́ра, адно хрышчэ́нне,
6. адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас.
7. А кожнаму з нас да́дзена благада́ць у ме́ру да́ру Хрысто́вага.
8. Таму ска́зана: «узышо́ўшы на вышыню́, Ён паланíў пало́н і даў дары́ лю́дзям».
9. А «ўзышо́ў» — што́ азнача́е, як не тое, што Ён і сышо́ў спача́тку ў прадо́нныя ме́сцы зямлí?
10. Той, Хто сышо́ў, Ён жа і ўзышо́ў вышэ́й за ўсе нябёсы, каб напо́ўніць усё.
11. І Ён паста́віў адны́х апо́сталамі, другіх праро́камі, іншых дабраве́снікамі, іншых па́стырамі і наста́ўнікамі
12. для ўдаскана́лення святы́х, дзе́ля спра́вы служэ́ння, дзе́ля будава́ння Це́ла Хрысто́вага,
13. паку́ль усе пры́йдзем у адзíнства ве́ры і спазна́ння Сы́на Бо́жага, у му́жа даскана́лага, у ме́ру ўзро́сту паўнаты́ Хрысто́вай;
14. каб мы больш не былí дзе́цьмі, якіх хіста́е і но́сіць усякі ве́цер вучэ́ння праз падма́н людскí, праз хíтрасць уво́дзячы ў аблу́ду,
15. а каб, жывучы́ ў íсціне і любові, усе ўзраста́лі ў Таго, Хто з’яўля́ецца галаво́ю, — у Хрыста,
16. з Якога ўсё це́ла, склада́ючыся і злуча́ючыся ўсякімі ўзмацня́льнымі су́вязямі, пры дзе́янні ў сваю́ ме́ру кожнай асо́бнай ча́сткі расце́ для будава́ння само́га сябе́ ў любо́ві.
17. Таму я гэта кажу́ і све́дчу ў Госпадзе, каб вы больш не рабíлі, як ро́бяць аста́тнія наро́ды ў ма́рнасці ро́зуму свайго́,
18. ма́ючы азмро́чанае разуме́нне, адчу́жаныя ад жыцця́ Божага з-за свайго няве́дання, з-за акамяне́ласці сэ́рца свайго;
19. яны, дайшо́ўшы да бясчу́ласці, аддалí сябе саміх распу́сце, каб ненасы́тна рабíць усякую брыдо́ту.
20. А вы не так спазна́лі Хрыста,
21. пако́лькі вы чу́лі пра Яго і ў Ім навучы́ліся — таму што íсціна ў Іісусе —
22. скíнуць з сябе старо́га, паво́дле ране́йшага ла́ду жыцця́, чалаве́ка, які згніва́е ў падма́нных пажа́днасцях,
23. а абнавíцца ду́хам ро́зуму вашага
24. і апрану́цца ў новага чалаве́ка, ство́ранага па Богу, у пра́веднасці і свя́тасці íсціны.
25. Таму, адкíнуўшы хлусню́, гавары́це праўду кожны блíжняму свайму, бо мы адзін аднаму́ чле́ны.
26. Гне́ваючыся, не грашы́це: сонца няха́й не захо́дзіць пры гне́ве вашым;
27. і не дава́йце ме́сца дыя́валу.
28. Хто краў, больш няха́й не кра́дзе, а лепш няха́й працу́е, ствара́ючы сваімі рука́мі дабро́, каб меў з чаго даць таму, хто ў няста́чы.
29. Нія́кае гніло́е сло́ва няха́й не выхо́дзіць з ву́снаў вашых, а толькі добрае для настаўле́ння ў веры, каб яно прыно́сіла благада́ць тым, хто слу́хае.
30. І не засмуча́йце Святога Духа Божага, пяча́ццю Якога вы былí пазна́чаны для дня выкупле́ння.
31. Усякае раздражне́нне, і я́расць, і гнеў, і крык, і блюзне́рства няха́й бу́дуць вы́нішчаны сярод вас ра́зам з усякаю зло́баю;
32. але будзьце адзін да аднаго́ до́брымі, спага́длівымі, прабача́йце адзін аднаму́, як і Бог у Хрысце праба́чыў вам.