Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Эфе́сян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. Дзе́ля гэтага я, Павел, стаў вя́знем Хрыста Іісуса за вас, язы́чнікаў.
2. Вы, кане́шне, чу́лі пра дзе́янне благада́ці Божай, да́дзенай мне для вас,
3. што мне праз адкраве́нне была́ абве́шчана та́йна, як я ўжо піса́ў ко́ратка,
4. з чаго вы, чыта́ючы, мо́жаце даве́дацца пра маё разуме́нне та́йны Хрыстовай,
5. якая не была́ абве́шчана ране́йшым пакале́нням сыно́ў чалаве́чых, як цяпе́р адкры́та святы́м Апо́сталам Яго і праро́кам праз Духа Святога,
6. што язы́чнікі — сунасле́днікі, і чле́ны адзíнага це́ла, і супо́льнікі абяца́ння Яго ў Хрысце́ Іісусе праз дабраве́сце,
7. служы́целем якога я стаў паво́дле да́ру благада́ці Божай, да́дзенай мне праз дзе́янне сілы Яго.
8. Мне, найме́ншаму з усіх святы́х, была́ да́дзена благада́ць гэтая — дабраве́сціць язы́чнікам неспасцíжнае бага́цце Хрысто́ва
9. і вы́светліць для ўсіх, у чым заду́ма та́йны, скры́тай адве́ку ў Богу, Які ствары́ў усё Іісусам Хрыстом,
10. каб цяпе́р нача́льствам і ўла́дам на нябёсах ста́ла вядо́май праз Царкву разнаста́йная праму́драсць Божая
11. паво́дле спрадве́чнага вызначэ́ння, якое Ён здзе́йсніў у Хрысце́ Іісусе, Госпадзе нашым,
12. у Якім мы ма́ем адва́гу і надзе́йны до́ступ праз ве́ру ў Яго.
13. Таму прашу́ не па́даць ду́хам з-за маіх дзе́ля вас паку́т, бо яны — сла́ва ваша.
14. Дзе́ля гэтага схіля́ю кале́ні мае́ перад Айцом Госпада нашага Іісуса Хрыста,
15. ад Якога ўсякі род на нябёсах і на зямлі ма́е найме́нне, —
16. каб Ён даў вам, паво́дле бага́цця сла́вы Сваёй, трыва́ла ўмацава́цца Ду́хам Яго ва ўну́траным чалаве́ку,
17. каб Хрыстос усялíўся праз веру ў сэ́рцы вашы; каб вы, укаранíўшыся і ўмацава́ўшыся ў любо́ві,
18. маглі з усімі святы́мі ўспрыня́ць, што́ ёсць шырыня́, і даўжыня́, і глыбіня́, і вышыня́,
19. і спазна́ць вышэ́йшую за пазна́нне любоў Хрыстову, каб вам напо́ўніцца ўсёю паўнато́ю Божаю.
20. А Таму, Хто сілаю, якая дзе́йнічае ў нас, можа зрабіць непараўна́льна больш за ўсё, чаго мы про́сім ці пра што ду́маем, —
21. Яму сла́ва ў Царкве ў Хрысце́ Іісусе ва ўсе ро́ды з ве́ку ў век. Амінь.