Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Эфе́сян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 2
1. І вас, мёртвых з-за злачы́нстваў і грахо́ў вашых,
2. у якіх вы не́калі жылí паво́дле звы́чаю све́ту гэтага, па волі кня́зя, які ўлада́рыць у паве́тры, — ду́ха, які дзе́йнічае цяпе́р у сына́х праціўле́ння,
3. сяро́д якіх і мы ўсе не́калі жылí ў пажа́днасцях пло́ці нашай, выко́нваючы жада́нні пло́ці і по́мыслаў, і былí па прыро́дзе дзе́цьмі гне́ву, як і аста́тнія,
4. Бог, бага́ты мíласцю, па вялікай любові Сваёй, якою Ён нас узлюбіў,
5. і нас, мёртвых з-за злачы́нстваў, ажывíў разам з Хрыстом — благада́ццю вы спасёныя —
6. і ўваскрасíў з Ім і пасадзíў на нябёсах у Хрысце́ Іісусе,
7. каб явíць у насту́пных вяка́х надзвыча́йнае бага́цце благада́ці Сваёй до́брасцю да нас у Хрысце́ Іісусе.
8. Бо благада́ццю вы спасёныя праз веру, і гэта не ад вас, гэта Божы дар:
9. не за спра́вы, каб ніхто не хвалíўся.
10. Бо мы — стварэ́нне Яго, мы ство́раны ў Хрысце́ Іісусе на до́брыя спра́вы, якія прадвы́значыў нам Бог выко́нваць.
11. Таму па́мятайце, што вы, не́калі язы́чнікі па пло́ці, якіх называ́лі неабрэ́занымі так зва́ныя абрэ́заныя на пло́ці рукатво́рна,
12. што вы былí ў той час без Хрыста, адчу́жаныя ад грама́дства Ізра́ільскага і чужы́я для запаве́таў абяца́ння, не ме́лі надзе́і і былí бязбо́жнікамі ў све́це;
13. цяпе́р жа ў Хрысце́ Іісусе вы, якія не́калі былí далёка, сталі блíзкімі праз Кроў Хрыстову.
14. Бо Ён — мір наш, Ён зрабіў з або́двух адно і зруйнава́ў сцяну́, якая падзяля́ла іх,
15. скасава́ўшы варо́жасць Пло́ццю Сваёю, а зако́н за́паведзяў — вучэ́ннем, каб з двух ствары́ць у Сабе Самім аднаго́ новага чалаве́ка, усталёўваючы мір,
16. і ў адным це́ле прыміры́ць або́двух з Богам праз крыж, знíшчыўшы варо́жасць на ім;
17. і, прыйшо́ўшы, дабраве́сціў мір вам, далёкім і блізкім,
18. таму што праз Яго мы, адны́ і другія, ма́ем до́ступ у адны́м Духу да Айца.
19. Дык вось, вы ўжо не чужы́нцы і не пры́хадні, а суграмадзя́не святы́х і дамача́дцы Бога,
20. усталява́ныя на падму́рку апо́сталаў і праро́каў, ма́ючы краевуго́льным ка́менем Само́га Іісуса Хрыста,
21. на якім уся пабудо́ва, зла́джана ўзво́дзячыся, выраста́е ў святы́ храм у Госпадзе,
22. на якім і вы ра́зам выбудо́ўваецеся ў жытло́ Божае ў Духу.