Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Эфе́сян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел, во́ляю Божаю Апо́стал Іісуса Хрыста, святы́м, што ў Эфе́се, і ве́рным у Хрысце́ Іісусе:
2. благада́ць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
3. Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, што благаславíў нас уся́кім духо́ўным благаславе́ннем на нябёсах у Хрысце́,
4. бо Ён вы́браў нас у Ім ране́й за стварэ́нне све́ту, каб мы былí святы́мі і беззага́ннымі перад Ім у любові,
5. прадвы́значыўшы нас для ўсынаўле́ння Сабе праз Іісуса Хрыста паво́дле жада́ння во́лі Сваёй,
6. дзе́ля ўсхвале́ння ве́лічы благада́ці Сваёй, якою Ён адары́ў нас ва Узлю́бленым,
7. у Якім мы маем выкупле́нне Крывёю Яго, прабачэ́нне грахо́ў паво́дле бага́цця благада́ці Яго,
8. якую Ён шчо́дра явіў нам ва ўся́кай праму́драсці і разуме́нні,
9. адкры́ўшы нам та́йну во́лі Сваёй паво́дле жада́ння Свайго, якое Ён прадустанавíў у Ім,
10. на здзяйсне́нне паўнаты́ часо́ў, каб з’ядна́ць усё нябе́снае і зямно́е ў Хрысце́, пад Ім як галаво́ю;
11. у Ім мы і ста́лі спадкае́мцамі, бу́дучы прадвы́значанымі зго́дна з прадустанаўле́ннем Таго, Хто ўсё здзяйсня́е паво́дле рашэ́ння во́лі Сваёй,
12. каб паслужы́лі ўсхвале́нню ве́лічы Яго мы, якія і ране́й спадзява́ліся на Хрыста;
13. у Ім і вы, пачу́ўшы сло́ва ісціны, дабраве́сце спасе́ння вашага, і ўве́раваўшы ў Яго, пазна́чаны пяча́ццю абяца́нага Духа Святога,
14. Які ёсць зало́г спа́дчыны нашай, дзе́ля выкупле́ння здабы́тку Яго, дзе́ля ўсхвале́ння ве́лічы Яго.
15. Таму і я, пачу́ўшы пра вашу ве́ру ў Госпада Іісуса і пра любоў да ўсіх святы́х,
16. не перастаю́ дзя́каваць за вас Богу, паміна́ючы вас у малíтвах сваіх,
17. каб Бог Госпада нашага Іісуса Хрыста, Айцец сла́вы, даў вам Ду́ха праму́драсці і адкраве́ння на спазна́нне Яго,
18. і прасвятлíў во́чы сэ́рца вашага, каб вы ве́далі, у чым надзе́я паклíкання Яго, і ў чым бага́цце сла́вы спа́дчыны Яго для святы́х,
19. і ў чым бязме́рная ве́ліч сілы Яго для нас, якія ве́руем праз дзе́янне ўлада́рнай магу́тнасці Яго,
20. якую Ён праявіў у Хрысце́, уваскрасíўшы Яго з мёртвых і пасадзíўшы правару́ч Сябе на нябёсах,
21. вышэ́й за ўсякае нача́льства, і ўла́ду, і сíлу, і валада́рства, і за ўсякае імя́, называ́нае не толькі ў гэтым ве́ку, але і ў бу́дучым,
22. і ўсё пакары́ў пад но́гі Яго, і паста́віў Яго над усім, галаво́ю Царквы́,
23. якая ёсць Це́ла Яго, паўната́ Таго, Хто напаўня́е ўсё ва ўсім.