Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 9
1. А пра служэ́нне святы́м няма мне патрэ́бы піса́ць вам,
2. бо ве́даю шчы́ры наме́р ваш і таму хвалю́ся вамі перад Македо́нцамі, што Аха́ія была́ гатова з міну́лага года, і ваш запа́л натхнíў многіх.
3. Брато́ў жа я пасла́ў для таго, каб наша пахвала́ вамі ў гэтай спра́ве не аказа́лася ма́рнай, а, як я казаў, каб вы былí гато́вы,
4. і калі пры́йдуць са мною Македо́нцы і зно́йдуць вас негато́вымі, каб не былí пасаро́млены мы — не кажу «вы», — пахвалíўшыся з такой упэ́ўненасцю.
5. Таму я палічы́ў неабхо́дным упрасíць брато́ў прыйсцí да вас ране́й і за́гадзя паклапацíцца, каб абяца́нае ўжо ахвярава́нне ваша было́ гатова як ахвярава́нне, а не як пабо́р.
6. Але вось што: хто се́е ску́па, той ску́па і пажне́; а хто се́е шчо́дра, той шчо́дра і пажне́.
7. Кожны няхай робіць, як падка́звае сэ́рца, не з жа́лем ці па прыму́су, бо хто з ра́дасцю дае́, таго лю́біць Бог.
8. А Бог ма́е сілу ўзбагацíць вас усяля́кай благада́ццю, каб вы, заўсёды ва ўсім ма́ючы ўсяля́кі даста́так, былí бага́тымі на ўся́кую до́брую спра́ву,
9. як напíсана: «шчо́дра разда́ў, надзялíў бе́дных; пра́веднасць яго застае́цца даве́ку».
10. А Хто дае́ насе́нне се́йбіту і хлеб на е́жу, Той дасць бага́ты плён пасе́янаму вамі і ўзро́сціць плады́ пра́веднасці ва́шай,
11. каб вы ўсім бага́тыя былí на ўсяля́кую шчо́драсць, якая праз нас учыня́е падзя́ку Богу.
12. Бо спра́ва служэ́ння гэтага не толькі пакрыва́е няста́чу, якая ёсць у святы́х, але і выкліка́е ў мно́гіх вялікую падзя́ку Богу;
13. у вы́ніку служэ́ння гэтага яны праслаўля́юць Бога за вашу пако́рнасць у вызна́нні Ева́нгелля Хрыстовага і за шчы́рае ядна́нне з імі і з усімі,
14. і ў сваёй малітве за вас яны зычлíвыя да вас за шчо́друю благада́ць Божую ў вас.
15. Дзя́куем Богу за невымо́ўны дар Яго.