Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 8
1. Паведамля́ем вам, браты́, пра благада́ць Божую, да́дзеную цэ́рквам Македо́нскім;
2. пра тое, што ў ця́жкім выпрабава́нні бе́дамі яны ма́юць вялікую радасць, і пры кра́йняй бе́днасці сваёй вы́явілі бага́цце сваёй шчы́расці;
3. бо яны па сілах, — сведчу я, — ды і звыш сіл, былí шчо́дрымі:
4. яны вельмі прасілі нас прыня́ць дар і дазво́ліць іх удзе́л у служэ́нні святы́м;
5. і нават не так было́, як мы спадзява́ліся, але яны саміх сябе аддалí найперш Госпаду, а потым і нам, па волі Божай;
6. таму мы прасілі Ціта, каб ён як пача́ў, так і завяршы́ў у вас дабрадзе́янне гэтае.
7. А паколькі вы ўсім бага́тыя: ве́раю, і сло́вам, і ве́дамі, і ўсёю руплíвасцю, і вашаю да нас любоўю, — то ўзбагача́йце сябе і гэтым дабрадзе́яннем.
8. Кажу гэта не як зага́д, але праз руплíвасць іншых выпрабо́ўваю шчы́расць і вашай любові.
9. Бо вы ве́даеце благада́ць Госпада нашага Іісуса Хрыста, што Ён, бу́дучы бага́тым, зрабіўся бе́дным дзе́ля вас, каб вы праз Яго бе́днасць узбагацíліся.
10. І я выка́зваю меркава́нне пра гэта, бо гэта на кары́сць вам, якія не толькі пачалі рабіць, але і жада́лі гэтага яшчэ з міну́лага года.
11. А цяпер завяршы́це спра́ву, каб тое, чаго вы шчы́ра жада́лі, і заве́ршана было́ зыхо́дзячы з таго, што вы ма́еце.
12. Бо калі ёсць шчы́ры наме́р, то ён прыма́ецца паво́дле таго, што нехта ма́е, а не паводле таго, чаго не ма́е.
13. Ды не так, каб іншым была́ палёгка, а вам цяжа́р, але каб было́ паро́ўну.
14. У цяпе́рашні час ваш даста́так пакрыва́е іх няста́чу, каб потым і іх даста́так пакры́ў вашу няста́чу, каб было́ паро́ўну,
15. як напíсана: «у каго было́ многа, той не меў лішняга, і ў каго мала, той не меў няста́чы».
16. Дзя́куем Богу, Які ўкла́ў такую руплíвасць у адно́сінах да вас у сэ́рца Ціта;
17. бо ён і про́сьбу нашу прыня́ў, і, бу́дучы вельмі руплíвым, па сваёй волі адпра́віўся да вас.
18. Разам з ім мы пасла́лі таксама бра́та, якога ва ўсіх цэ́рквах хва́ляць за дабраве́сце,
19. які, акрамя́ таго, і быў упаўнава́жаны цэ́рквамі спадаро́жнічаць нам дзе́ля спра́вы дабрачы́ннасці гэтай, якой мы слу́жым на сла́ву Самога Госпада і дзя́куючы шчы́расці вашай;
20. зрабілі мы гэта, каб ніхто не нарака́ў на нас пры такім мностве ахвярава́нняў, даве́раных нам;
21. бо мы дба́ем пра добрае не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
22. Мы пасла́лі разам з імі таксама бра́та нашага, руплíвасць якога мы шмат разоў вы́прабавалі ў многім, а цяпер ён яшчэ больш руплíвы з-за вялікай упэ́ўненасці ў вас.
23. Што даты́чыць Ціта, то ён — мой тава́рыш, і для вас — супрацо́ўнік, а што да брато́ў нашых, то яны — пасланцы́ цэ́ркваў, сла́ва Хрыстова.
24. Дык вось, перад аблíччам цэ́ркваў дайце ім до́каз любові вашай і таго, што мы справядліва хва́лімся вамі.