Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 7
1. Дык вось, узлю́бленыя, ма́ючы такія абяца́нні, дава́йце ачы́сцім сябе ад усякай нечыстаты́ пло́ці і духу, удаскана́льваючыся ў свя́тасці са стра́хам Божым.
2. Умясцíце нас: мы нікога не пакры́ўдзілі, нікому не пашко́дзілі, ні ад каго не шука́лі кары́сці.
3. Я не ў асуджэ́нне гавару; бо я ране́й сказаў, што вы ў сэ́рцах нашых, каб і паме́рці разам, і жыць разам.
4. Вялікае ў мяне спадзява́нне на вас, вялікі ў мяне гонар за вас; я напо́ўнены суцяшэ́ннем, перапо́ўнены ра́дасцю пры ўсёй го́расці нашай.
5. Бо калі мы прыйшлі ў Македо́нію, пло́ць наша не мела ніякага спако́ю, мы цярпе́лі ўціск з усіх бакоў: зво́нку — напа́ды, унутры́ — стра́хі.
6. Але Бог, Які суцяша́е пако́рлівых, суце́шыў нас прыбыццём Ціта,
7. і не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэ́ннем, якім ён быў суце́шаны за вас, раска́зваючы нам пра вашу тугу́, пра вашы слёзы, пра вашу адда́насць мне, так што я яшчэ больш узра́даваўся.
8. Таму, калі я і засмуцíў вас пасла́ннем, то не шкаду́ю, а калі і шкадава́ў, — бо я бачу, што пасла́нне тое, хоць і часо́ва, засмуцíла вас, —
9. то цяпер ра́дуюся: не таму, што вы былí засму́чаны, а таму, што засму́чаны былí вы для пакая́ння, бо вы былі засму́чаны дзе́ля Бога, так што вы ні ў чым не зазна́лі шко́ды ад нас.
10. Бо сму́так дзе́ля Бога вядзе́ да неадме́ннага пакая́ння дзе́ля спасе́ння, а сму́так све́ту гэтага вядзе́ да сме́рці.
11. Бо якраз тое, што вы былí засму́чаны дзе́ля Бога, такую ў вас руплíвасць абудзíла, а якое апраўда́нне, а якое абурэ́нне, а які страх, а якую тугу́, а якую стара́ннасць, а якое спагна́нне! Ва ўсім вы паказа́лі сябе чы́стымі ў гэтай справе.
12. Дык вось, калі я і напісаў вам, то не дзе́ля крыўдзíцеля і не дзе́ля пакры́ўджанага, а дзе́ля таго, каб вам адкры́лася наша ру́пнасць дзе́ля вас перад Богам.
13. Таму мы суце́шыліся суцяшэ́ннем вашым; а яшчэ больш мы ўзра́даваліся ра́дасці Цíта, таму што вы ўсе супако́ілі дух яго;
14. бо калі я ў чым-небудзь перад ім і пахвалíўся вамі, то не аказа́ўся пасаро́мленым; але як усё ска́занае намі вам было́ ісцінаю, так і пахвала́ наша перад Цітам аказа́лася ісцінаю;
15. і сэ́рца яго вельмі прыхíльнае да вас, калі ён успаміна́е паслухмя́насць усіх вас і тое, як са стра́хам і трымце́ннем вы прынялí яго.
16. Таму я радуюся, што ва ўсім магу быць упэ́ўненым у вас.