Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 6
1. Мы ж, як сурабо́тнікі Яго, просім вас, каб не ма́рна прынялí вы благада́ць Божую.
2. Бо ска́зана: «у час спрыя́льны Я пачуў цябе і ў дзень спасе́ння дапамо́г табе». Вось цяпер час добраспрыя́льны, вось цяпер дзень спасе́ння.
3. Мы нікому ні ў чым не даём наго́ды спатыкне́ння, каб не выкліка́ць нарака́нняў на служэ́нне,
4. але ва ўсім праяўля́ем сябе як служы́целі Бо́жыя: у вялікім цярпе́нні, у го́расцях, у няста́чах, у бе́дах,
5. пад уда́рамі, у цямнíцах, у сму́тах, у ця́жкай пра́цы, у няспа́нні, у паста́х,
6. у чысцінí, у разва́жлівасці, у доўгацярплíвасці, у до́брасці, у Духу Святы́м, у любові некрываду́шнай,
7. у сло́ве ісціны, у сіле Божай, са збро́яю пра́веднасці ў пра́вай і ў ле́вай руцэ́,
8. у сла́ве і га́ньбе, пры знява́гах і пахвала́х; нас лíчаць ашука́нцамі — а мы праўдзíвыя,
9. лíчаць невядо́мымі — а нас ве́даюць, лíчаць паме́рлымі — а мы, вось, жывы́я; нас кара́юць — а мы не паміра́ем;
10. нас засмуча́юць — а мы заўсёды ра́дуемся, мы бе́дныя — а многіх узбагача́ем; мы нічога не маем — а ўсім вало́даем.
11. Ву́сны нашы адкры́ты да вас, Кары́нфяне, сэ́рца наша расшы́рана.
12. Вам не це́сна ў нас, а це́сна вам унутры́ вас.
13. Адкажы́це нам узае́мнасцю, — як дзе́цям кажу, — шыро́ка адкры́йцеся і вы.
14. Не ўпрага́йцеся ў чужое ярмо́ разам з няве́рнымі. Бо што супо́льнага ў пра́веднасці з беззако́ннем? Або што агу́льнага ў святла́ з це́мраю?
15. І якая згода паміж Хрыстом і Велія́рам? Або які саўдзе́л ве́рнага з няве́рным?
16. Якая сумяшча́льнасць хра́ма Божага з íдалам? Бо вы — храм Бога Жывога, як сказаў Бог: «усялю́ся і буду жыць у іх; і буду іх Богам, і яны будуць Маім народам.
17. Таму вы́йдзіце з асяро́ддзя іх і аддзялíцеся, кажа Гасподзь, і не дакрана́йцеся да нечыстаты́, і Я прыму́ вас;
18. і буду вам Айцом, і вы бу́дзеце Маімі сына́мі і до́чкамі, кажа Гасподзь Уседзяржы́цель».