Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 5
1. Бо ве́даем, што калі зямны́ наш дом, гэтая хацíна, разбу́рыцца, то мы ма́ем жыллё ад Бога: дом нерукатво́рны, ве́чны, на нябёсах.
2. І таму тут мы сто́гнем, жада́ючы апрану́цца ў нябе́снае наша жыллё;
3. толькі б нам і апра́нутым не апыну́цца го́лымі.
4. Бо мы, знахо́дзячыся ў гэтай хацíне, сто́гнем ад цяжа́ру, бо не хочам распрану́цца, а хочам апрану́цца, каб смяро́тнае было́ паглыну́та жыццём.
5. На гэта ж і ствары́ў нас Бог, і даў нам зало́г Духа.
6. Дык вось, мы заўсёды ма́ем пэ́ўнасць; і паколькі ве́даем, што, жывучы́ ў целе, мы адда́лены ад Госпада, —
7. бо мы жывём вераю, а не ба́чаннем, —
8. то ма́ем пэ́ўнасць і жада́ем лепш вы́селіцца з це́ла і пасялíцца ў Госпада,
9. і таму стара́нна імкнёмся — ці пасяля́ючыся, ці высяля́ючыся — быць уго́днымі Яму;
10. бо ўсім нам нале́жыць з’явíцца на суд Хрыстоў, каб кожнаму атрыма́ць паво́дле таго, што ён рабіў, жывучы́ ў це́ле, — ці добрае, ці дрэ́ннае.
11. Дык вось, ве́даючы страх Гасподні, мы перако́нваем людзе́й, для Бога ж мы адкры́тыя; спадзяю́ся, што адкры́тыя і вашаму сумле́нню.
12. Бо мы не зноў прадстаўля́ем сябе вам, а даём вам наго́ду хвалíцца намі, каб ме́лі вы адказ для тых, якія хва́ляцца зне́шнім, а не тым, што ў сэ́рцы.
13. Бо калі мы быва́ем не ў сабе, то дзе́ля Бога; калі ж мы ў здаро́вым ро́зуме, то дзе́ля вас.
14. Бо любоў Хрыстова прымуша́е нас разважа́ць так: калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе паме́рлі.
15. А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, хто жыве́, жылí ўжо не дзе́ля сябе, а дзе́ля Таго, Хто памёр за іх і ўваскрэ́с.
16. Так што мы з гэтага ча́су нікога не зна́ем па пло́ці; калі ж і зналі мы Хрыста па пло́ці, то цяпер ужо не зна́ем.
17. Дык вось, хто ў Хрысце, той — новае стварэ́нне; старое прайшло́, цяпер наста́ла ўсё новае.
18. А ўсё гэта — ад Бога, Які праз Іісуса Хрыста прыміры́ў нас з Сабою і даў нам служэ́нне прымірэ́ння,
19. таму што Бог у Хрысце прыміры́ў з Сабою свет, не залíчваючы лю́дзям правін іх, і даручы́ў нам сло́ва прымірэ́ння.
20. Дык вось, мы — пасла́ннікі ад імя́ Хрыста, нíбы Сам Бог про́сіць праз нас, ад імя́ Хрыста мы просім: прыміры́цеся з Богам.
21. Бо Таго, Хто не спазна́ў граху́, Ён дзе́ля нас зрабіў грахо́м, каб мы сталі ў Ім пра́веднасцю Божай.