Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 4
1. І таму, ма́ючы такое служэ́нне па ака́занай нам міласці, мы не па́даем ду́хам;
2. але, адмо́віўшыся ад та́йных гане́бных спраў, не ўжыва́ючы хíтрасці і не скажа́ючы слова Божага, а выяўля́ючы адкры́та íсціну, прадстаўля́ем сябе сумле́нню ко́жнага чалавека перад Богам.
3. Калі ж і закры́та дабраве́сце наша, то закры́та для тых, хто гіне,
4. для няве́руючых, у якіх бог ве́ку гэтага асляпíў розум, каб для іх не заззя́ла святло́ дабраве́сця сла́вы Хрыста, Які з’яўля́ецца во́бразам Бога няба́чнага.
5. Бо мы не сябе саміх прапаве́дуем, а Хрыста Іісуса, Госпада; самі ж мы — рабы́ вашы дзе́ля Іісуса,
6. таму што Бог, Які загада́ў, каб з це́мры заззя́ла святло́, Сам заззя́ў у сэ́рцах нашых для прасвятле́ння нашага праз пазна́нне сла́вы Божай у асо́бе Іісуса Хрыста.
7. Скарб жа гэты мы носім у гліня́ных сасу́дах, каб было́ ба́чна, што ве́ліч сілы нале́жыць Богу, а не нам;
8. нас усю́ды ўціска́юць, але мы не прыгне́чаныя; мы ў ро́спачных абста́вінах, але не ўпада́ем у ро́спач;
9. нас перасле́дуюць, але мы не пакíнутыя; нас збіва́юць з ног, але мы не гíнем;
10. мы заўсёды носім у це́ле мёртвасць Госпада Іісуса, каб і жыццё Іісуса адкры́лася ў це́ле нашым.
11. Бо мы, жывы́я, заўсёды аддаём сябе на смерць дзе́ля Іісуса, каб і жыццё Іісуса адкры́лася ў смяро́тнай пло́ці нашай,
12. так што смерць дзе́йнічае ў нас, а жыццё — у вас.
13. Але, ма́ючы той самы дух веры, пра які напíсана: «я ве́раваў і таму гавары́ў», і мы ве́руем, таму і гаво́рым,
14. ве́даючы, што Той, Хто ўваскрасíў Госпада Іісуса, уваскрасíць і нас праз Іісуса і паста́віць перад Сабою з вамі.
15. Бо ўсё дзе́ля вас, каб шчо́дра я́ўленая благада́ць у многіх памнажа́ла ўдзя́чнасць на сла́ву Божую.
16. Таму мы не па́даем ду́хам; а калі во́нкавы наш чалавек і тле́е, то ўну́траны з дня ў дзень абнаўля́ецца.
17. Бо кароткачасо́вая лёгкая го́расць наша ствара́е для нас звыш усякай ме́ры ве́чнае бага́цце сла́вы,
18. калі мы глядзім не на ба́чнае, а на няба́чнае: таму што ба́чнае — часо́вае, а няба́чнае — ве́чнае.