Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. Хіба́ мы зноў пачына́ем прадстаўля́ць сябе? Няўжо́ патрэ́бны нам, як некато́рым, рэкамендацы́йныя пасла́нні да вас ці ад вас?
2. Вы — наша пасла́нне, якое напíсана ў сэ́рцах нашых, якое пазнаю́ць і чыта́юць усе лю́дзі;
3. вы пака́зваеце сабою, што вы — пасла́нне Хрыстова, якое з’явíлася плёнам служэ́ння нашага і напíсана не чарнíлам, а Ду́хам Бога Жыво́га, не на скрыжа́лях каме́нных, а на пло́цевых скрыжа́лях сэ́рца.
4. Такую ўпэ́ўненасць мы маем перад Богам праз Хрыста
5. не таму, што мы здо́льны самі па сабе паду́маць нешта, нібы́та самі ад сябе, але здо́льнасць наша ад Бога,
6. Які і зрабіў нас здо́льнымі быць служы́целямі Новага Запаве́ту, не лíтары, а ду́ху, бо лíтара забіва́е, а дух ажыўля́е.
7. Калі ж служэ́нне сме́рці, лíтарамі вы́сечанае на камяня́х, было́ такім сла́ўным, што сыны́ Ізра́ілевы не маглі глядзе́ць на твар Маісе́я з-за сла́вы тва́ру яго міну́чай,
8. то нако́лькі больш сла́ўным будзе служэ́нне ду́ху?
9. Бо калі служэ́нне асуджэ́ння сла́ўнае, то намно́га больш напо́ўнена сла́ваю служэ́нне апраўда́ння.
10. І вось, прасла́ўленае не з’яўля́ецца сла́ўным па гэтай прычы́не, з-за сла́вы, якая перавыша́е.
11. Бо калі міну́чае ма́е славу, то тым бо́льшую сла́ву ма́е тое, што застае́цца.
12. Ма́ючы такую надзе́ю, мы дзе́йнічаем з вялікай адва́гай,
13. а не так, як Маісе́й, які наклада́ў по́крыва на твар свой, каб сыны́ Ізра́ілевы не глядзе́лі на заканчэ́нне міну́чага.
14. Але розум у іх закамяне́ў: бо тое самае по́крыва дагэ́туль застае́цца нязня́тым пры чыта́нні Старо́га Запаве́ту, пако́лькі яно здыма́ецца Хрыстом.
15. Дагэ́туль, калі яны чыта́юць Маісе́я, по́крыва ляжы́ць на сэ́рцы іх;
16. але калі хто звярта́ецца да Госпада, то по́крыва здыма́ецца.
17. Гасподзь — гэта Дух, а дзе Дух Гасподні, там свабо́да.
18. Мы ж усе, з адкры́тым тва́рам сузіра́ючы, як у люстэ́рку, сла́ву Гаспо́днюю, перамяня́емся ў той самы во́браз ад сла́вы ў славу, паво́дле Гасподняга Духа.