Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 2
1. Дык вось, я разва́жыў сам у сабе не прыхо́дзіць зноў да вас у сму́тку.
2. Бо калі я засмуча́ю вас, то хто́ пара́дуе мяне, як не той, хто засму́чаны мною?
3. Гэта самае я і піса́ў вам, каб, прыйшо́ўшы, не мець мне засмучэ́ння ад тых, за каго нале́жала мне ра́давацца, бо я ўпэ́ўнены ва ўсіх вас, што мая радасць — гэта радасць для ўсіх вас.
4. З вялікага го́ра і тугí сэ́рца я піса́ў вам, абліва́ючыся слязьмí, не дзе́ля таго, каб засмуцíць вас, а каб вы адчу́лі тую бязме́рную любоў, якую я ма́ю да вас.
5. Калі ж хто засмуцíў, то не мяне засмуцíў, а частко́ва — каб не перабо́льшыць — усіх вас.
6. Такому дастатко́ва гэтага пакара́ння ад бо́льшасці,
7. так што вам лепш, наадварот, праба́чыць і суце́шыць яго, каб не быў ён апанава́ны празме́рным сму́ткам;
8. і таму прашу́ вас вы́казаць да яго любоў.
9. Бо я дзе́ля таго і піса́ў, каб вы́прабаваць вас, ці ва ўсім вы паслухмя́ныя.
10. А каму вы нешта прабача́еце, таму і я прабача́ю; бо і я калі нешта праба́чыў каму, то праба́чыў дзе́ля вас перад аблíччам Хрыста,
11. каб не ашука́ў нас сатана, бо нам добра вядо́мы яго заду́мы.
12. Прыйшоўшы ж у Траа́ду дабраве́сціць Хрыста, хоць мне і адчы́нены былí дзверы Госпадам,
13. я не меў спако́ю ду́ху майму, бо не знайшоў там брата майго Ціта, так што, развіта́ўшыся з імі, я пайшоў у Македо́нію.
14. Але падзя́ку ўзно́сім Богу, Які заўжды́ перамо́жна вядзе́ нас у Хрысце і пах ведаў пра Сябе пашыра́е праз нас у кожным ме́сцы.
15. Бо мы — Хрыстова духмя́насць Богу ў тых, хто спаса́ецца, і ў тых, хто гіне:
16. для адных — пах смерці на смерць, а для другіх — пах жыцця́ на жыццё. І хто здо́льны да гэтага?
17. Бо мы не падрабля́ем, як многія, сло́ва Божага, а прапаве́дуем шчы́ра, як ад Бога, перад Богам, у Хрысце.