Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 13
1. Вось ужо трэ́ці раз я іду да вас: ву́снамі двух ці трох све́дкаў пацве́рдзіцца кожнае сло́ва.
2. Я ране́й гавары́ў і кажу́ на бу́дучае, — як тады, калі быў прысу́тны другі раз, так і цяпе́р, бу́дучы адсу́тным, — пішу тым, якія ране́й саграшы́лі, і аста́тнім усім, што як зноў прыйду́, то не дам лíтасці,
3. пако́лькі вы шука́еце до́казу, што ўва мне гаво́рыць Хрыстос, Які не бяссíльны ў адно́сінах да вас, а ма́е сілу ў вас.
4. Бо хоць Ён і быў распя́ты ў не́мачы, але жывы́ сілаю Божаю; таксама і мы, хоць і не́мачныя ў Ім, але будзем жывы́я з Ім сілаю Божаю ў вас.
5. Правяра́йце саміх сябе, ці ў веры вы; саміх сябе выпрабо́ўвайце. Няўжо вы не ве́даеце саміх сябе, што Іісус Хрыстос — у вас? Хіба́ толькі вы — нява́ртыя.
6. Пра нас жа, спадзяю́ся, даве́даецеся, што мы не нява́ртыя.
7. Молім Бога, каб вы не рабілі ніякага зла, не дзе́ля таго, каб нам паказа́цца ва́ртымі, але каб вы рабілі дабро, а мы як нява́ртыя былí.
8. Бо мы не маем сілы су́праць ісціны, а толькі за ісціну.
9. Мы ра́дуемся, калі мы не́мачныя, а вы мо́цныя; за гэта і молімся, за ваша ўдаскана́ленне.
10. Дзе́ля таго я і пішу гэта, бу́дучы адсу́тным, каб, прысу́тнічаючы, не дзе́йнічаць суро́ва сілаю ўла́ды, якую Гасподзь даў мне на стварэ́нне, а не на разбурэ́нне.
11. Дык вось, браты́, ра́дуйцеся, удаскана́львайцеся, суцяша́йцеся, бу́дзьце аднаду́мнымі, захо́ўвайце мір — і Бог любові і міру будзе з вамі.
12. Віта́йце адзін аднаго святы́м пацалу́нкам. Віта́юць вас усе святы́я.
13. Благада́ць Госпада нашага Іісуса Хрыста, і любоў Бога Айца, і супо́льнасць Святога Духа з усімі вамі. Амінь.