Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 12
1. Не кары́сна хвалíцца мне; бо я перайду́ да відзе́нняў і адкраве́нняў Гасподніх.
2. Ве́даю чалаве́ка ў Хрысце, што чатырна́ццаць гадоў наза́д — ці ў це́ле, не ве́даю, ці не ў це́ле, не ве́даю, Бог ве́дае, — узя́ты быў да трэ́цяга не́ба.
3. І ве́даю пра гэтага чалаве́ка — ці ў це́ле, ці не ў це́ле, не ве́даю, Бог ве́дае, —
4. што ён быў узя́ты ў рай і чуў невымо́ўныя сло́вы, якія чалаве́ку немагчы́ма вы́казаць.
5. Такім чалавекам бу́ду хвалíцца; сабою ж не бу́ду хвалíцца, хіба́ толькі не́мачамі маімі.
6. Калі ж захачу́ пахвалíцца, то не буду неразу́мным, бо скажу́ ісціну; але я ўстры́мліваюся, каб хто не паду́маў пра мяне звыш таго, што ба́чыць ува мне ці чу́е ад мяне.
7. І каб я не ўзвыша́ў сябе з-за ве́лічы адкраве́нняў, да́дзена мне джа́ла ў плоць, а́нгел сатаны́, каб му́чыць мяне, каб я не ўзвыша́ў сябе.
8. Тро́йчы прасіў я Госпада пра тое, каб забра́ў яго ад мяне,
9. але Ён сказаў мне: «дастатко́ва табе благада́ці Маёй, бо сіла Мая́ ў не́мачы здзяйсня́ецца». Дык вось, я больш ахво́тна буду хвалíцца сваімі не́мачамі, каб жыла́ ўва мне сіла Хрыстова.
10. Таму я знахо́джу задавальне́нне, бу́дучы ў не́мачах, у кры́ўдах, у няста́чах, у гане́ннях, ва ўцíску дзе́ля Хрыста, бо калі я нямо́глы, тады я мо́цны.
11. Я дайшоў да неразу́мнасці, хва́лячыся, — вы мяне прыму́сілі. Бо вам нале́жала хвалíць мяне, таму што я ні ў чым не ма́ю недахо́пу ў параўна́нні з тымі вышэ́йшымі Апо́сталамі, хоць я і нішто:
12. уласцíвасці ж Апо́стала былí вы́яўлены перад вамі ва ўсёй цярплíвасці, у знаме́ннях, і цу́дах, і сíлах.
13. Дык чаго вам не хапа́ла ў параўна́нні з аста́тнімі цэ́рквамі, хіба́ толькі таго, што сам я не стаў цяжа́рам для вас? Праба́чце мне гэтую віну́.
14. Вось, трэці раз я гатовы прыйсці да вас, і не буду цяжа́рам для вас, бо я шука́ю не вашага, а вас. Таму што не дзе́ці павíнны назапа́шваць маёмасць для бацько́ў, а бацькí для дзяце́й.
15. Я ж вельмі ахво́тна буду тра́ціць і буду сябе растра́чваць дзе́ля душ вашых, нягле́дзячы на тое, што, вельмі лю́бячы вас, я менш любíмы.
16. Дапу́сцім, было́ так: я не абцяжа́рваў вас, але, бу́дучы хíтрым, я падма́нам браў з вас.
17. Хіба́ праз каго-небудзь з тых, каго я пасыла́ў да вас, я не́чым карыста́ўся ад вас?
18. Я папрасíў Цíта і пасла́ў разам з ім бра́та: ці ж скарыста́ўся чым ад вас Ціт? хіба́ не ў адны́м ду́ху мы дзе́йнічалі? хіба́ не адны́мі шляха́мі хадзілі?
19. Зноў ду́маеце, што мы перад вамі апра́ўдваемся? Мы перад Богам, у Хрысце гаворым, а ўсё, узлю́бленыя, дзе́ля вашага настаўле́ння.
20. Таму што баю́ся, каб, прыйшо́ўшы да вас, я не знайшо́ў вас такімі, якімі не хачу, таксама каб і вы не знайшлі мяне такім, якім не хо́чаце: каб не было спрэ́чак, за́йздрасці, гне́ву, сва́рак, паклёпаў, нагаво́раў, пы́хі, бязла́ддзяў,
21. каб зноў, калі прыйду, не прынíзіў мяне Бог мой у вас і каб не апла́кваць мне многіх, якія саграшы́лі ране́й і не пака́яліся ў нечыстаце́, і блу́дзе, і распу́сце, што яны ўчынíлі.