Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 11
1. О, калі б вы маглі сцярпе́ць хоць тро́хі маю́ неразу́мнасць! Але вы і церпіце́ мяне.
2. Бо я раўну́ю вас Божай раўнíвасцю, таму што я заручы́ў вас адзíнаму Му́жу, каб паста́віць перад Хрысто́м як дзе́ву чы́стую.
3. Але баю́ся, каб як Еву ашука́ў змей хíтрасцю сваёю, так і ро́зум ваш не быў спаку́шаны, адхілíўшыся ад прастаты́ ў Хрысце.
4. Бо калі б нехта прыйшоў і прапаве́даваў іншага Іісуса, якога мы не прапаве́давалі, альбо вы атрыма́лі іншага ду́ха, якога не атрымлíвалі, альбо іншае дабраве́сце, якога не прыма́лі, — то вы б гэта цярплíва зно́сілі.
5. Але я лічу́, што ні ў чым не ма́ю недахо́пу ў параўна́нні з тымі вышэ́йшымі Апо́сталамі:
6. хоць я і няўме́лы ў сло́ве, але не ў пазна́нні; зрэ́шты, мы ва ўсім ца́лкам вядо́мы вам.
7. Ці саграшы́ў я тым, што прыніжа́ў сябе, каб узвы́сіць вас, бо я да́рам прапаве́даваў вам Ева́нгелле Божае?
8. Іншыя Цэ́рквы я абабра́ў, прыма́ючы ад іх пла́ту для служэ́ння вам; і калі быў у вас, хоць і цярпе́ў няста́чу, але нікому не дакуча́ў,
9. бо няста́чу маю́ пакры́лі браты́, якія прыйшлі з Македо́ніі; ды і ва ўсім я стара́ўся і буду стара́цца не абцяжа́рваць вас.
10. Ісцінай Хрыстовай, якая ўва мне, скажу, што пахвала́ гэтая не ады́мецца ў мяне ў зе́млях Аха́іі.
11. Чаму я так раблю? Ці таму, што не люблю вас? Богу вядо́ма! Але як раблю, так і буду рабіць,
12. каб не даць наго́ды тым, хто шука́е наго́ды, каб у тым, чым яны хва́ляцца, яны аказа́ліся такімі, як і мы.
13. Бо такія лжэапо́сталы, дзе́ячы хíтрыя, прыма́юць вы́гляд Апо́сталаў Хрыстовых.
14. І не дзíўна: таму што сам сатана́ прыма́е вы́гляд Ангела святла́,
15. а таму няма нічо́га надзвыча́йнага, калі і служы́целі яго прыма́юць вы́гляд служы́целяў пра́веднасці; канец іх будзе паво́дле спраў іх.
16. Зноў кажу: няхай не палíчыць нехта мяне́ неразу́мным; а калі і палíчыце, то хоць як неразу́мнага прымíце мяне, каб і я крыху́ чым-небудзь пахвалíўся.
17. Што скажу, тое не ў Госпадзе скажу, а нíбы ў неразу́мнасці, з такою адва́гаю на пахвалу́;
18. паколькі многія хва́ляцца паво́дле пло́ці, то і я буду хвалíцца.
19. Бо вы ахво́тна церпіце́ неразу́мных, бу́дучы разу́мнымі:
20. вы церпіце́, калі вас хто заняво́львае, калі хто аб’яда́е, калі хто абіра́е, калі хто ўзвыша́ецца, калі хто б’е вас па тва́ры.
21. На со́рам кажу, што мы аказа́ліся сла́бымі. А калі хтосьці на нешта адва́жваецца, то — скажу па неразу́мнасці — адва́жваюся і я.
22. Яны Яўрэ́і? і я. Яны Ізраільця́не? і я. Яны се́мя Аўраа́мава? і я.
23. Яны служы́целі Хрыста? у безразва́жнасці кажу: я тым больш. У пра́цы — зна́чна больш, у ра́нах — намно́га больш, у ту́рмах — зна́чна больш, у смяро́тнай небяспе́цы — шматразо́ва.
24. Ад Іудзе́яў атрыма́ў я пяць разоў па сорак уда́раў без аднаго;
25. тро́йчы мяне білі кія́мі, адзін раз білі камяня́мі, тро́йчы я цярпе́ў караблекрушэ́нне, ноч і дзень прабы́ў у адкры́тым моры;
26. шмат разоў быў у падаро́жжах, у небяспе́цы на рэ́ках, у небяспе́цы ад разбо́йнікаў, у небяспе́цы ад супляме́ннікаў, у небяспе́цы ад язы́чнікаў, у небяспе́цы ў горадзе, у небяспе́цы ў пусты́ні, у небяспе́цы на моры, у небяспе́цы сярод ілжэбрато́ў,
27. у пра́цы і знясíленасці, часта без сну, у го́ладзе і сма́зе, часта ў по́сце, у хо́ладзе і гале́чы.
28. Акрамя́ ўсяго іншага, у мяне штодзень схо́ды, кло́пат пра ўсе цэ́рквы.
29. Хто́ знемага́е, з кім бы і я не знемага́ў? Хто́ спакуша́ецца, за каго б і я не згара́ў?
30. Калі трэба хвалíцца, то буду хвалíцца сла́басцю сваёю.
31. Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, благаславёны наве́кі, ве́дае, што я не лгу.
32. У Дама́ску наме́снік цара́ Арэ́ты ахо́ўваў горад Дамаскíйцаў, каб схапíць мяне; і я ў кашы́ быў спу́шчаны праз акно па сцяне́ і пазбе́г рук яго.