Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 10
1. Сам жа я, Павел, малю́ вас дзе́ля лаго́днасці і спага́длівасці Хрысто́вай, — я сцíплы, калі знахо́джуся сярод вас, і рашу́чы ў адно́сінах да вас, калі адсу́тнічаю.
2. Прашу́, каб мне, прыйшо́ўшы, не давяло́ся праявíць рашу́часць з той упэ́ўненасцю, з якой я збіра́юся сме́ла вы́ступіць су́праць некато́рых, што лíчаць, нібы́та мы жывём паво́дле пло́ці.
3. Бо хоць мы жывём у пло́ці, але не паво́дле пло́ці ваю́ем;
4. збро́я змага́ння нашага не пло́цкая, а ма́е сілу ад Бога на руйнава́нне цвярды́нь: ёю мы разбура́ем на́мыслы
5. і ўсяля́кае высакаме́р’е, якое паўстае́ су́праць пазна́ння Божага, і бяро́м у пало́н уся́кую ду́мку на паслушэ́нства Хрысту,
6. і гато́вы пакара́ць усякае непаслушэ́нства, калі ста́не по́ўным ваша паслушэ́нства.
7. На аблíчча зважа́еце? Калі нехта ўпэ́ўнены ў сабе, што ён Хрыстоў, то няхай зноў жа па сабе мярку́е, што як ён Хрыстоў, так і мы Хрыстовы.
8. Бо калі б я і больш стаў хвалíцца ўла́даю нашаю, якую Гасподзь даў нам на ўмацава́нне ваша, а не на разбурэ́нне, то не быў бы пасаро́млены.
9. Няха́й не здае́цца, бы́ццам я пало́хаю вас у пасла́ннях.
10. Бо нехта кажа: «пасла́нні ва́жкія і мо́цныя, а пры асабíстай прысу́тнасці ён сла́бы і сло́ва яго нязна́чнае»;
11. няха́й той ма́е на ўва́зе, што якія мы ў сло́вах пасла́нняў, калі адсу́тнічаем, такія і ў спра́вах, калі прысу́тнічаем.
12. Мы ж не сме́ем станавíцца ўпо́равень ці параўно́ўваць сябе з тымі, якія самíх сябе выстаўля́юць; яны, ме́раючы сябе́ самíмі сабо́ю і параўно́ўваючы сябе́ з сабо́ю, робяць неразу́мна.
13. Мы ж не праз ме́ру будзем хвалíцца, а па ме́ры ўдзе́лу, які вы́значыў для нас Бог такою ме́раю, каб дайсцí і да вас.
14. Бо мы не перавыша́ем вы́значанага нам, як было́ б, калі б мы не дайшлі да вас, таму што і да вас мы дайшлí з дабраве́сцем Хрысто́вым;
15. мы не праз ме́ру хва́лімся, не чужо́ю пра́цаю, а спадзяёмся з узраста́ннем ве́ры вашай зна́чна павялíчыць сяро́д вас удзе́л наш,
16. каб і па-за вашым кра́ем прапаве́даваць Ева́нгелле, не хва́лячыся тым, што ўжо здзе́йснена пры чужы́м удзе́ле.
17. Хто хва́ліцца, няхай Госпадам хва́ліцца.
18. Бо не той го́дны, хто сам сябе выстаўля́е, а той, каго Гасподзь вылуча́е.