Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел, во́ляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, і Цімафе́й брат — Царкве Божай, якая ў Кары́нфе, з усімі святы́мі па ўсёй Аха́іі:
2. благада́ць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.
3. Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, Айцец міласэ́рнасці і Бог усякага суцяшэ́ння,
4. Які суцяша́е нас ва ўсякім го́ры нашым, каб мы маглі суцяша́ць іншых ва ўсякім го́ры тым суцяшэ́ннем, якім Бог суцяша́е нас саміх.
5. Бо як памнажа́юцца ў нас паку́ты Хрыстовы, так праз Хрыста памнажа́ецца і суцяшэ́нне наша.
6. І калі мы це́рпім го́ра, дык гэта дзе́ля суцяшэ́ння вашага і спасе́ння, якое здзяйсня́ецца праз трыва́нне тых самых пакут, што і мы це́рпім;
7. і надзе́я наша адно́сна вас цвёрдая. І калі мы суцяша́емся, дык гэта дзе́ля вашага суцяшэ́ння і спасе́ння, пако́лькі ведаем, што вы супо́льнікі як пакут нашых, так і суцяшэ́ння.
8. Бо мы не хочам пакінуць вас, браты́, у няве́данні пра го́ра наша, якое зда́рылася з намі ў Асíі: было́ нам надзвы́чай ця́жка, звыш нашых сіл, так што не спадзява́ліся мы заста́цца жывы́мі.
9. Але самі ў сабе адчува́лі прысу́д на смерць, каб спадзява́цца нам не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскраша́е мёртвых,
10. Які ад такой смерці зба́віў нас і збаўля́е, на Якога спадзяёмся, што і яшчэ зба́віць,
11. пры садзе́йнічанні і вашай малітвы за нас, каб за да́дзенае нам па просьбе многіх дзя́кавалі за нас многія.
12. Бо ў тым пахвала́ наша, све́дчанне сумле́ння нашага, што мы ў прастаце́ і шчы́расці перад Богам, не па пло́цкай му́драсці, а па благада́ці Божай паво́дзілі сябе ў све́це, асабліва ж у дачыне́нні да вас.
13. І мы пішам вам не іншае што, а тое, што вы чыта́еце і разуме́еце; і спадзяю́ся, што да канца зразуме́еце,
14. як вы частко́ва і зразуме́лі нас, што мы будзем вашаю пахвало́ю, як і вы — нашаю, у дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.
15. І ў гэтай упэ́ўненасці я хацеў прыйсці да вас ране́й, каб вы другі раз атрыма́лі благада́ць,
16. і ад вас перайсці ў Македо́нію, а з Македо́ніі зноў прыйсці да вас, і каб вы правялí мяне ў Іудзе́ю.
17. Маючы такое жада́нне, хіба́ я зрабіў легкаду́мна? Альбо тое, што я выраша́ю, хіба́ па плоці выраша́ю, так што ў мяне то «так, так», то «не, не»?
18. Верны ж Бог, што сло́ва наша да вас не было́ то «так», то «не».
19. Бо Сын Божы Іісус Хрыстос, прапаве́даны сярод вас намі — мною, і Сілуа́нам, і Цімафе́ем, — не быў то «так», то «не», а ў Ім было́ «так»,
20. бо ўсе абяца́нні Божыя ў Ім — «так» і ў Ім — «амінь» Богу на сла́ву праз нас.
21. А Той, Хто ўмацо́ўвае нас з вамі ў Хрысце і Хто пама́заў нас, — Бог,
22. Які і пакла́ў на нас пяча́ць, і даў зало́г Ду́ха ў сэ́рцы нашы.
23. Бога закліка́ю як све́дку душы́ маёй, што, шкаду́ючы вас, я больш не прыхо́дзіў у Кары́нф;
24. гэта не зна́чыць, што мы ўлада́рым над вераю вашаю, а мы садзе́йнічаем ра́дасці вашай; бо ў веры вы цвёрдыя.