Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 9
1. Хіба́ я не Апостал? Хіба́ я не свабо́дны? Хіба́ не ба́чыў я Іісуса Хрыста, Госпада нашага? Хіба́ не мая́ пра́ца — вы ў Госпадзе?
2. Калі для іншых я не Апостал, то для вас — Апостал; бо пяча́ць майго апо́стальства — вы ў Госпадзе.
3. Вось маё апраўда́нне перад тымі, хто асуджа́е мяне.
4. Ці ж не маем мы пра́ва есці і піць?
5. Ці ж не маем мы пра́ва мець спадаро́жніцаю сястру́ жонку, як і аста́тнія Апосталы, і браты́ Гасподнія, і Кíфа.
6. Ці ж толькі я і Варнава не маем права не працаваць?
7. Хто́ і калі слу́жыць у войску на сваім утрыма́нні? Хто́ са́дзіць вінаграднік і не есць пладоў яго? Хто́ па́свіць ста́так і не п’е малака́ ад ста́тку?
8. Ці толькі паво́дле чалаве́чага разуме́ння я кажу́ гэта? Ці не гаво́рыць гэтага і закон?
9. Бо ў Маісе́евым законе напíсана: «не завя́звай рот валу́, які мало́ціць». Ці пра вало́ў клапо́ціцца Бог?
10. Ці, можа, дзе́ля нас гэта гаво́рыцца? Дзе́ля нас жа гэта напíсана; бо хто арэ́, той павінен ара́ць з надзе́яй, і хто мало́ціць, павінен малацíць з надзе́яй на сваю долю спадзява́нага.
11. Калі мы пасе́ялі ў вас духо́ўнае, то ці вялікая рэч, калі пажнём у вас цяле́снае?
12. Калі іншыя ма́юць гэтае пра́ва ў вас, то чаму тады не мы? Але мы не карыста́ліся гэтым пра́вам, а ўсё це́рпім, каб не зрабіць ніякай перашко́ды дабраве́сцю Хрысто́ваму.
13. Хіба́ вы не ве́даеце, што тыя, хто працу́е ў свяцíлішчы, ко́рмяцца ад свяцíлішча? што тыя, хто слу́жыць пры ахвя́рніку, ма́юць до́лю ад ахвя́рніка?
14. Так і Гасподзь устанавіў, каб тыя, хто прапаве́дуе Ева́нгелле, жылí ад дабраве́сця.
15. Але я не карыста́ўся нічым такім. І напіса́ў я гэта не дзе́ля таго, каб так было́ для мяне, бо мне лепш паме́рці, чым каб хто пазба́віў мяне таго, чым я хвалю́ся.
16. Бо калі я дабраве́шчу, то мне няма чым хвалíцца, таму што гэта абавя́зак, які ляжы́ць на мне, і го́ра мне, калі не дабраве́шчу.
17. Бо калі я раблю́ гэта добраахво́тна, то ма́ю ўзнагаро́ду, а калі не добраахво́тна, то выко́нваю толькі дару́чаную мне спра́ву.
18. За што ж мне ўзнагаро́да? За тое, што, прапаве́дуючы Ева́нгелле, я дабраве́шчу пра Хрыста да́рам, не карыста́ючыся тым пра́вам, якое дае́ мне дабраве́сце.
19. Таму, бу́дучы свабо́дным ад усіх, я зрабіў сябе рабо́м усіх, каб больш іх прыдба́ць:
20. для Іудзе́яў я быў як Іудзе́й, каб прыдба́ць Іудзе́яў; для падзако́нных быў як падзако́нны, каб прыдба́ць падзако́нных;
21. для тых, хто без закону, я быў як без закону, — не бу́дучы без закону перад Богам, а падзако́нным Хрысту, — каб прыдба́ць тых, хто без закону;
22. для сла́бых быў як сла́бы, каб прыдба́ць сла́бых. Для ўсіх я стаў усім, каб спасцí хаця б некато́рых.
23. І гэта я раблю дзе́ля Ева́нгелля, каб стаць удзе́льнікам яго.
24. Хіба́ вы не ве́даеце, што на спабо́рніцтвах па бе́гу бягу́ць усе, а ўзнагаро́ду атры́млівае адзін? Дык бяжы́це так, каб атрыма́ць.
25. Кожны, хто спабо́рнічае, устры́мліваецца ад усяго; аднак яны — каб атрыма́ць вяне́ц тле́нны, а мы — нятле́нны.
26. І таму я бягу́ не проста так, б’ю́ся не так, бы́ццам б’ю́ паветра;
27. але прыгнята́ю і зняво́льваю це́ла маё, каб, прапаве́дуючы іншым, само́му не аказа́цца недасто́йным.