Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 8
1. Пра ідалаахвя́рнае ж нам вядома, бо ўсе мы ма́ем ве́ды. Але ве́ды надзіма́юць, а любоў настаўля́е.
2. Хто думае, бы́ццам ве́дае нешта, той яшчэ нічога не ве́дае так, як нале́жыць ведаць;
3. але хто лю́біць Бога, таму да́дзены ве́ды ад Яго.
4. Дык вось, наконт спажыва́ння ідалаахвя́рнага мы ве́даем, што ідал у свеце — нішто, і што няма іншага Бога, акрамя́ Адзінага.
5. Калі ж і ёсць так зва́ныя багí ці то на небе, ці на зямлі — бо шмат такіх багоў і шмат валадаро́ў, —
6. але ў нас адзін Бог Айцец, ад Якога — усё, і мы — для Яго, і адзін Гасподзь Іісус Хрыстос, праз Якога — усё, і мы — праз Яго.
7. Але не ва ўсіх такія ве́ды: некато́рыя і дагэ́туль з сумле́ннем, якое прызнае́ ідалаў, ядуць нешта як ідалаахвя́рнае, і сумле́нне іх, бу́дучы сла́бым, апага́ньваецца.
8. Јжа не набліжа́е нас да Бога, бо і калі ядзім, то нічога не набыва́ем, і калі не ядзім, то нічога не стра́чваем.
9. Але сцеражы́цеся, каб гэтая свабода ваша не стала спатыкне́ннем для сла́бых.
10. Бо калі нехта ўбачыць, што ты, ма́ючы ве́ды, сядзíш за сталом у ка́пішчы, то сумле́нне яго, як сла́бага, ці не схíліцца да таго, каб е́сці ідалаахвя́рнае?
11. І загіне з-за тваіх ведаў сла́бы брат, за якога памёр Хрыстос.
12. А саграша́ючы так су́праць братоў і ра́нячы сла́бае сумле́нне іх, вы саграша́еце су́праць Хрыста.
13. I таму, калі ежа спакуша́е брата майго, дык не буду есці мяса даве́ку, каб не спакусíць брата майго.