Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 7
1. Наконт таго, пра што вы піса́лі мне: добра, каб чалаве́к не дакрана́ўся да жанчы́ны.
2. Але, каб пазбе́гнуць блу́ду, няхай кожны ма́е сваю жонку, і няхай кожная ма́е свайго мужа.
3. Муж няхай праяўля́е да жонкі нале́жную лю́басць; гэтакса́ма і жонка да мужа.
4. Жонка не ма́е ўла́ды над сваім це́лам, але муж; гэтакса́ма і муж не ма́е ўлады над сваім це́лам, але жонка.
5. Не ўхіля́йцеся адзін ад аднаго, хіба́ што па зго́дзе, на час, каб адда́цца по́сту і малітве, і зноў будзьце разам, каб не спакуша́ў вас сатана праз няўстры́манасць вашу.
6. Але кажу гэта, саступа́ючы, а не зага́дваючы.
7. Бо жада́ю, каб усе людзі былí, як і я; але кожны ма́е свой дар ад Бога, адзін — так, другі — інакш.
8. Нежана́тым і ўдо́вам кажу: добра, каб яны засталíся так, як і я;
9. але калі не могуць устрыма́цца, няхай уступа́юць у шлюб, бо лепш уступíць у шлюб, чым распаля́цца.
10. А тым, хто ў шлю́бе, не я зага́дваю, а Гасподзь: жо́нцы не разво́дзіцца з мужам, —
11. калі ж развядзе́цца, няхай застае́цца незаму́жняю альбо няхай прымíрыцца з мужам, — і мужу не пакіда́ць жонкі.
12. Аста́тнім жа я кажу, а не Гасподзь: калі які брат ма́е жонку няве́руючую і яна зго́дна жыць з ім, то няхай не пакіда́е яе;
13. і жонка, якая ма́е мужа няве́руючага, і ён зго́дны жыць з ёю, няхай не пакіда́е яго;
14. бо няве́руючы муж асвяча́ецца жонкаю ве́руючаю, і жонка няве́руючая асвяча́ецца мужам ве́руючым; бо інакш дзеці вашы былí б нячы́стыя, а цяпер яны святы́я.
15. Калі ж няве́руючы хоча разве́сціся, няхай разво́дзіцца; брат ці сястра ў такіх вы́падках не прыняво́лены; да міру заклíкаў нас Гасподзь.
16. Адкуль ты ве́даеш, жонка, ці не спасе́ш мужа? Альбо ты, муж, адкуль ве́даеш, ці не спасе́ш жонку?
17. Толькі кожны, як вы́значыў яму Бог, кожны, як паклíкаў яго Гасподзь, — няха́й так і жыве; і такі нака́з я даю́ па ўсіх цэрквах.
18. Калі хто паклíканы, бу́дучы абрэ́заным, няха́й не хава́е гэтага; калі хто паклíканы, бу́дучы неабрэ́заным, няха́й не абрэ́зваецца.
19. Абрэ́занне — нішто, і неабрэ́занне — нішто, а ўсё ў выкана́нні за́паведзяў Божых.
20. Кожны няха́й застае́цца ў тым зва́нні, у якім быў паклíканы.
21. Ты паклíканы, бу́дучы рабом? Не турбу́йся. Але калі і можаш стаць вольным, то вы́беры ле́пшае.
22. Таму што раб, паклíканы ў Госпадзе, з’яўля́ецца во́льным у Госпада; таксама і паклíканы во́льны з’яўля́ецца рабом Хрыстовым.
23. Вы ку́плены дарагою цано́ю; не станавíцеся раба́мі людзе́й.
24. Кожны, у якім зва́нні быў паклíканы, браты, у тым няхай і застае́цца перад Богам.
25. Наконт дзяво́цтва я нака́зу Госпада не ма́ю, а даю́ пара́ду як той, хто па міласці Госпада ва́рты даве́ру.
26. Дык вось, лічу́, што з-за цяпе́рашніх ця́жкасцей добра для чалавека жыць так.
27. Ты звя́заны з жонкаю? не шука́й разво́ду. Ты заста́ўся без жонкі? не шука́й жонкі.
28. Аднак калі і ажэ́нішся, то не саграшы́ш; і калі дзяўчы́на вы́йдзе за́муж, то не саграшы́ць. Але яны будуць цярпе́ць няго́ды цяле́сныя; а я шкаду́ю вас.
29. Вось што кажу вам, браты́: час ужо кароткі, так што і тыя, хто ма́е жонку, павінны жыць, як тыя, хто не ма́е;
30. і хто пла́ча — як тыя, хто не пла́ча; і хто ра́дуецца — як тыя, хто не ра́дуецца; і хто купля́е — як тыя, хто не набыва́е;
31. і хто карыста́ецца светам гэтым — як тыя, хто не карыста́ецца; бо міна́е аблíчча свету гэтага.
32. А я хачу́, каб вы не ме́лі кло́пату. Нежана́ты клапо́ціцца пра Гаспо́дняе: як дагадзíць Госпаду;
33. а жана́ты клапо́ціцца пра све́цкае: як дагадзíць жонцы. Ёсць ро́зніца паміж заму́жняю жанчы́наю і дзяўчы́наю;
34. незаму́жняя клапо́ціцца пра Гасподняе: як дагадзíць Госпаду, каб быць святою і це́лам, і ду́хам; а заму́жняя клапо́ціцца пра све́цкае: як дагадзíць мужу.
35. Кажу гэта для вашай жа кары́сці: не для таго, каб накíнуць на вас пу́ты, а каб вы былі добрапрысто́йнымі і застава́ліся з Госпадам няўхíльна.
36. Калі ж хто лíчыць непрысто́йным для сваёй дзяўчы́ны, што яна, пераспе́ўшы, застане́цца так, той няхай робіць як хоча — ён не саграшы́ць; няхай такія выхо́дзяць за́муж.
37. Але хто непару́шна цвёрды ў сэ́рцы сваім і не зму́шаны неабхо́днасцю, а ма́е ўла́ду рабіць па волі сваёй і ў сэ́рцы сваім вы́рашыў захава́ць яе дзяўчы́наю, той до́бра ро́біць.
38. Таму той, хто выдае́ за́муж сваю дзяўчы́ну, ро́біць до́бра, а хто не выдае́, ро́біць лепш.
39. Жонка звя́зана законам, пакуль жывы́ муж яе; калі ж муж яе памрэ́, яна во́льная вы́йсці за́муж за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
40. Але блажэ́ннейшая яна, калі застане́цца так, паво́дле майго меркава́ння; а думаю, што і я ма́ю Духа Божага.