Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 5
1. Наогул ходзяць чуткі пра блуд сярод вас, ды такі блуд, пра які не гавораць нават сярод язы́чнікаў: што нехта за жонку мае ба́цькаву жонку.
2. А вы заганары́ліся, хоць лепш было б вам плакаць, каб вы́кінуты быў з вашага асяро́ддзя той, хто ўчынíў такое.
3. Я ж, адсу́тны це́лам, але прысу́тны сярод вас духам, ужо вы́рашыў, як бы знахо́дзячыся з вамі, адносна таго, хто гэта ўчынíў,
4. каб на сходзе вашым у імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста, дзе і мой дух, сілаю Госпада нашага Іісуса Хрыста
5. аддаць яго сатане на загу́бу плоці, каб дух яго быў спасёны ў дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.
6. Нядобра вам пахваля́цца. Хіба́ вы не ведаеце, што мала́я заква́ска ўсё цеста ква́сіць?
7. Дык ачы́сціцеся ад старо́й заква́скі, каб сталі вы новым цестам, таму што вы бясква́сныя, бо Пасха наша, Хрыстос, быў ахвярава́ны за нас.
8. Таму давайце будзем святкава́ць не са старо́ю заква́скаю, не з заква́скаю зла і кава́рства, а з праснака́мі чысцінí і íсціны.
9. Я піса́ў вам у пасла́нні не мець адносін з блудніка́мі,
10. але не ўво́гуле з блудніка́мі свету гэтага, або хцíўцамі, або рабаўніка́мі, або ідалапакло́ннікамі, бо тады вам нале́жала б вы́йсці са свету;
11. а пісаў я вам не мець адносін з тым, хто, называ́ючыся бра́там, застане́цца блудніко́м, або хцíўцам, або ідалапакло́ннікам, або ліхасло́вам, або п’я́ніцам, або рабаўніко́м; з такім нават не есці разам.
12. Бо нашто мне і зне́шніх судзíць? Хіба́ не тых, што сярод вас, вы су́дзіце?
13. Зне́шніх жа су́дзіць Бог. Дык вы́кіньце ліхо́га з вашага асяро́ддзя.