Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 4
1. Дык вось, няхай людзі лíчаць нас служы́целямі Хрыстовымі і домаўпра́ўнікамі тайнаў Божых;
2. ад домаўпра́ўнікаў жа патрабу́ецца, каб кожны аказа́ўся ве́рным.
3. Для мяне вельмі мала зна́чыць, як су́дзіце пра мяне вы або іншыя людзі; я і сам пра сябе не суджу́.
4. Бо хоць я нічога за сабою не ведаю, але гэтым не апра́ўдваюся; суддзя́ ж мне Гасподзь.
5. Таму не судзíце зусім да часу, пакуль не прыйдзе Гасподзь, Які і асве́тліць скры́тае ў цемры, і вы́явіць наме́ры сэ́рцаў, і тады кожнаму будзе пахвала́ ад Бога.
6. Гэта, браты, я во́бразна паказа́ў на сабе і Апало́се дзе́ля вас, каб вы навучы́ліся ад нас не мудрава́ць звыш таго, што напíсана, і каб пыхлíва не ўзно́сілі аднаго перад другім.
7. Бо хто вылуча́е цябе? І што́ маеш ты, чаго не атрымаў? А калі атрымаў, то чаго хвалішся, быццам не атры́мліваў?
8. Вы ўжо насы́ціліся, вы ўжо разбагаце́лі, без нас вы сталі царава́ць; о, калі б вы сапраўды сталі царава́ць, каб і мы разам з вамі царава́лі!
9. Бо думаю, што Бог паставіў нас, апосталаў, апошнімі, як бы асу́джанымі на смерць; таму што мы сталі відовішчам для свету, для Ангелаў і для людзей.
10. Мы неразу́мныя дзе́ля Хрыста, а вы разу́мныя ў Хрысце; мы сла́быя, а вы моцныя; вы ў сла́ве, а мы ў пага́рдзе.
11. Да цяпе́рашняга часу мы і голад, і сма́гу це́рпім, мы і го́лыя, і пабíтыя, і бяздо́мныя,
12. і працу́ем, робячы ўсё сваімі рукамі. Нас абража́юць — мы благаслаўля́ем; нас го́няць — мы трыва́ем;
13. нас зневажа́юць — мы суцяша́ем; мы сталі сме́ццем для свету, адкíдамі для ўсіх аж дагэ́туль.
14. Не для таго, каб пасаро́міць вас, пішу гэта, а як дзяцей маіх узлю́бленых настаўля́ю.
15. Бо хоць і тысячы настаўнікаў вы ма́еце ў Хрысце, але айцоў не многа; я нарадзíў вас у Хрысце Іісусе праз дабраве́сце.
16. Таму прашу вас, будзьце перайма́льнікамі маімі, як я — Хрыста.
17. Дзе́ля гэтага я паслаў да вас Цімафея, майго ўзлю́бленага і вернага ў Госпадзе сына, які вам нагада́е пра шляхí мае́ ў Хрысце Іісусе, як я ўсюды, у кожнай царкве, вучу.
18. Паколькі я не іду да вас, то некато́рыя з вас заганары́ліся;
19. але я неўзаба́ве прыйду да вас, калі Госпаду будзе ўгодна, і зве́даю не словы ганарліўцаў, а сілу;
20. бо Царства Божае не ў слове, а ў сіле.
21. Чаго вы хочаце? з ро́згаю мне прыйсці да вас ці з любоўю і духам лаго́днасці?