Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. І я, браты, не мог гаварыць з вамі, як з духо́ўнымі, а толькі як з пло́цкімі, як з немаўля́тамі ў Хрысце.
2. Я карміў вас малаком, а не цвёрдаю ежаю, бо вы яшчэ не маглі есці яе, ды і цяпер не мо́жаце,
3. таму што вы яшчэ пло́цкія. Бо калі паміж вамі за́йздрасць, і спрэ́чкі, і разла́ды, то ці ж не пло́цкія вы і ці не паводле чалавечага разуме́ння жывяце́?
4. Бо калі адзін кажа: «я Паўлаў», а другі: «я Апало́саў», — то ці ж не пло́цкія вы?
5. Бо хто такі Павел? хто такі Апало́с? Яны толькі служы́целі, праз якіх вы ўве́равалі, і кожны, як яму даў Гасподзь.
6. Я насадзíў, Апало́с паліва́ў, але ўзрасцíў Бог;
7. так што ні той, хто са́дзіць, не мае значэ́ння, ні той, хто паліва́е, а толькі Бог, Які ўзро́шчвае.
8. Той, хто са́дзіць, і той, хто паліва́е, — склада́юць адно, але кожны атрыма́е сваю пла́ту ў адпаве́днасці са сваёй пра́цай.
9. Бо мы сурабо́тнікі ў Бога; а вы — Божая нíва, Божая пабудо́ва.
10. Я па благада́ці, да́дзенай мне Богам, як му́дры до́йлід, закла́ў падму́рак, а іншы буду́е на ім; аднак кожны няхай глядзíць, як буду́е.
11. Бо ніхто не можа закла́сці іншага падму́рку, акрамя закла́дзенага, якім ёсць Іісус Хрыстос.
12. І хто я́к на гэтым падму́рку буду́е — з золата, серабра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, —
13. справа кожнага вы́явіцца; бо дзень пака́жа, таму што ў агні адкрыва́ецца, і агонь вы́прабуе справу кожнага, якая яна.
14. У каго збудава́нне, якое ён узвёў, вы́стаіць, той атрыма́е пла́ту;
15. у каго збудава́нне згары́ць, той панясе́ стра́ту; сам жа будзе ўратава́ны, але так, як бы з агню.
16. Хіба́ не ведаеце, што вы — храм Божы, і Дух Божы жыве́ ў вас?
17. Калі хто знíшчыць храм Божы, таго знíшчыць Бог; бо храм Божы святы́, і гэты храм — вы.
18. Няхай ніхто сябе не падма́нвае: калі хто з вас лíчыць сябе му́дрым у веку гэтым, той няхай неразу́мным ста́не, каб быць му́дрым.
19. Бо му́драсць свету гэтага ёсць неразу́мнасць перад Богам, як напíсана: «ловіць му́дрых у хітрасці іх».
20. І яшчэ: «Гасподзь ведае разважа́нні му́дрых, што яны ма́рныя».
21. Дык вось, няхай ніхто не хва́ліцца людзьмí, бо ўсё — ваша:
22. ці Павел гэта, ці Апало́с, ці Кíфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяпе́рашняе, ці бу́дучае, — усё ваша;
23. вы ж — Хрыстовы, а Хрыстос — Божы.