Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 2
1. І калі я прыхо́дзіў да вас, браты, дык прыхо́дзіў не з красамо́ўствам ці му́драсцю абвяшча́ць вам све́дчанне Божае,
2. таму што, бу́дучы ў вас, вы́рашыў я нічога не ведаць, акрамя́ Іісуса Хрыста, і прыты́м распя́тага;
3. і быў я сярод вас у сла́басці, і ў стра́ху, і ў вялікім трымце́нні.
4. І слова маё, і пропаведзь мая не ў перакана́ўчых словах чалаве́чай му́драсці, а ў выяўле́нні Духа і сілы,
5. каб вера ваша трыва́ла не на му́драсці чалавечай, а на сіле Божай.
6. Аб му́драсці ж мы гаво́рым сярод даскана́лых, але не аб му́драсці ве́ку гэтага і князёў ве́ку гэтага, якія зніка́юць,
7. а гаво́рым аб праму́драсці Божай, у тайне скры́тай, якую прадвы́значыў Бог перад вяка́мі для сла́вы нашай
8. і якую ніхто з князёў ве́ку гэтага не спазна́ў; бо калі б спазна́лі, то не распя́лі б Госпада сла́вы.
9. Але як напíсана: «вока таго не ба́чыла, ву́ха не чу́ла, і на сэ́рца чалавеку не прыхо́дзіла тое, што ўгатава́ў Бог тым, хто лю́біць Яго».
10. А нам Бог адкрыў гэта Духам Сваім: бо Дух ва ўсё праніка́е, і ў глыбíні Божыя.
11. Бо хто́ з людзей ведае, што́ ў чалавеку? толькі дух чалавечы, які ў ім. Так і Божага ніхто не ведае, толькі Дух Божы.
12. Мы ж прынялí не духа свету гэтага, а Духа ад Бога, каб ведаць падарава́нае нам Богам,
13. пра гэта і гаво́рым не ад чалавечай му́драсці вы́вучанымі сло́вамі, а вы́вучанымі ад Духа Святога, тлума́чачы духо́ўнае духо́ўным.
14. Душэ́ўны чалавек не прыма́е таго, што ад Духа Божага, бо гэта для яго неразу́мнасць, і не можа зразуме́ць, паколькі пра гэта трэба судзíць духо́ўна.
15. Духо́ўны ж су́дзіць пра ўсё, а пра яго судзíць ніхто не можа.
16. Бо хто́ спазна́ў розум Госпада, каб мог павуча́ць Яго? А мы ма́ем ро́зум Хрыстоў.