Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 16
1. А што даты́чыць збору ахвярава́нняў для святы́х, рабіце так, як устанавіў я ў Цэ́рквах Галатыйскіх:
2. у першы дзень тыдня кожны з вас няхай адклада́е і зберага́е столькі, колькі дазволіць яго даста́так, каб не збіра́ць ахвярава́нняў тады, калі я прыйду.
3. Калі ж прыбу́ду, то тых, каго вы палíчыце годнымі, я з пíсьмамі адпра́ўлю, каб зане́сці ваш дар у Іерусалім.
4. А калі ва́рта будзе і мне пайсці, то яны пойдуць са мною.
5. Я прыйду́ да вас, калі прайду Македонію; бо я іду праз Македонію.
6. У вас жа, магчыма, затрыма́юся, а то і перазіму́ю, каб вы правялі мяне туды, куды я пайду.
7. Бо я не хачу з вамі цяпер ба́чыцца мімахо́дзь, а спадзяю́ся заста́цца ў вас на нейкі час, калі Гасподзь дазволіць.
8. У Эфе́се ж я застану́ся да Пяцідзяся́тніцы;
9. бо перада мною адчы́нены вялікія дзверы для дзе́йнасці, ды праціўнікаў многа.
10. Калі ж прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб у бяспе́цы быў ён у вас, таму што ён робіць cправу Гасподнюю, як і я;
11. дык няхай ніхто не пагарджа́е ім, а правядзіце яго з мірам, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з брата́мі.
12. А што даты́чыць брата Апало́са, то я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не жада́ў ісці цяпер, а пры́йдзе, калі будзе мець нагоду.
13. Трыва́йце, стойце ў веры, будзьце му́жнымі, мацу́йцеся;
14. усё ў вас няхай будзе з любоўю.
15. Прашу вас, браты, — вы ве́даеце сяме́йства Сцяфа́на, што яно стала пе́ршынцам Аха́іі і яны прысвяцілі сябе служэ́нню святы́м, —
16. каб і вы падпарадко́ўваліся такім і кожнаму, хто дапамагае і працуе.
17. Я рады прыбыццю́ Сцяфа́на, Фартуна́та і Аха́іка: таму што яны замянілі для мяне вашу адсу́тнасць,
18. бо яны супако́ілі мой і ваш дух. Дык шану́йце такіх.
19. Віта́юць вас Цэ́рквы Асійскія; віта́юць вас у Госпадзе шчы́ра Акíла і Прыскíла з іх дама́шняю Царквою.
20. Віта́юць вас усе браты́. Віта́йце адзін аднаго святым пацалу́нкам.
21. Віта́нне рукою маёю, Паўлаваю.
22. Хто не лю́біць Госпада Іісуса Хрыста — ана́фема, мара́н-афа́.
23. Благада́ць Госпада Іісуса Хрыста з усімі вамі,
24. і любоў мая́ з усімі вамі ў Хрысце Іісусе. Амінь.