Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 15
1. Напаміна́ю вам, браты́, тое Евангелле, якое я дабраве́сціў вам, якое і прынялí вы, у якім і ўмацава́ліся,
2. праз якое і спаса́ецеся, калі трыма́ецеся таго, што я дабраве́сціў вам, калі толькі не ма́рна ўве́равалі.
3. Бо я найперш перада́ў вам тое, што і сам прыня́ў: што Хрыстос памёр за грахі нашы, паво́дле Піса́нняў,
4. і што Ён пахава́ны быў, і што ўваскрэ́с на трэці дзень, паво́дле Піса́нняў,
5. і што Ён явіўся Кíфе, потым — двана́ццаці;
6. затым явіўся больш як пяцістам брата́м адначасо́ва, многія з якіх жывы́я дагэ́туль, а некато́рыя спачы́лі;
7. затым явіўся Іа́каву, потым — усім Апосталам;
8. а пасля ўсіх явіўся і мне, як нейкаму недано́ску.
9. Бо я найме́ншы з Апосталаў, і не ва́рты называ́цца Апосталам, бо я гнаў Царкву Божую.
10. Але па благада́ці Божай я ёсць тое, што ёсць; і благада́ць Яго ўва мне не была́ ма́рнаю, я ж болей за ўсіх іх папрацава́ў; не я, аднак, а благада́ць Божая, якая са мною.
11. Дык вось, ці я, ці яны, — та́к мы прапаве́дуем, і та́к вы ўве́равалі.
12. Калі ж пра Хрыста прапаве́дуецца, што Ён уваскрэ́с з мёртвых, то як жа некато́рыя з вас кажуць, што няма ўваскрасе́ння мёртвых?
13. Бо калі няма ўваскрасе́ння мёртвых, то і Хрыстос не ўваскрэ́с;
14. а калі Хрыстос не ўваскрэ́с, то ма́рная і про́паведзь наша, ма́рная і вера ваша.
15. Прытым мы ака́зваемся лжы́вымі све́дкамі пра Бога, бо све́дчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога Ён не ўваскраша́ў, калі б было праўдай, што мёртвыя не ўваскраса́юць;
16. бо калі мёртвыя не ўваскраса́юць, то і Хрыстос не ўваскрэ́с;
17. а калі Хрыстос не ўваскрэ́с, то ма́рная вера ваша: вы яшчэ ў граха́х вашых;
18. тады і паме́рлыя ў Хрысце загíнулі.
19. Калі мы ў гэтым толькі жыццí спадзяёмся на Хрыста, то мы самыя няшча́сныя з усіх людзей.
20. Але Хрыстос уваскрэ́с з мёртвых, пе́ршынец з паме́рлых.
21. Бо пако́лькі праз чалавека смерць, то праз чалавека і ўваскрасе́нне мёртвых.
22. Як у Адаме ўсе паміра́юць, так у Хрысце ўсе ажыву́ць,
23. але кожны сваёю чарго́ю: пе́ршынец Хрыстос, затым Хрыстовы, у прышэ́сце Яго.
24. А потым канец: калі Ён перада́сць Царства Богу і Айцу, калі скасу́е ўсякае нача́льства і ўсякую ўладу і сілу;
25. бо Яму нале́жыць ца́рстваваць, паку́ль не пакладзе́ ўсіх ворагаў пад но́гі Свае.
26. І апошні вораг будзе знíшчаны — смерць,
27. таму што Ён усё пакары́ў пад но́гі Яго; калі ж скажа, што ўсё пако́рана Яму, то ясна, што акрамя Таго, Хто пакары́ў Яму ўсё.
28. Калі ж Яму будзе пако́рана ўсё, тады і Сам Сын пако́рыцца Таму, Хто пакары́ў Яму ўсё, каб быў Бог усё ва ўсім.
29. Бо, інакш, што будуць рабіць тыя, хто прыма́е хрышчэ́нне дзе́ля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскраса́юць, то навошта прыма́юць хрышчэ́нне дзе́ля мёртвых?
30. Чаму і мы ўвесь час падвярга́ем сябе небяспе́цы?
31. Я кожны дзень паміра́ю: прысяга́ю ў гэтым, браты́, пахвало́ю вашаю, якую ма́ю ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.
32. Калі я з чалаве́чых памкне́нняў змага́ўся са звяра́мі ў Эфе́се, то якая мне карысць, калі мёртвыя не ўваскраса́юць? Дава́йце будзем есці і піць, бо заўтра памром!
33. Не ашу́квайце сябе: ке́пскае асяро́ддзе псуе́ добрыя звы́чаі.
34. Ацверазíцеся як нале́жыць і не грашы́це; бо некаторыя з вас не знаюць Бога, — на сорам вам кажу.
35. Але нехта скажа: як уваскрэ́снуць мёртвыя? і ў якім це́ле пры́йдуць?
36. Неразу́мны! тое, што ты се́еш, не ажыве́, калі не памрэ́;
37. і калі ты се́еш, то се́еш не це́ла бу́дучае, а голае зе́рне, будзь гэта пшанічнае ці якое іншае;
38. Бог жа дае яму це́ла, як Ён хоча, і кожнаму насе́нню — сваё це́ла.
39. Не кожная плоць — такая самая плоць; але адна плоць у людзе́й, другая плоць у скаціны, іншая — у рыб, іншая — у птушак.
40. Ёсць це́лы нябе́сныя і це́лы зямныя; але іна́кшая сла́ва нябе́сных, іна́кшая — зямны́х;
41. адна сла́ва сонца, а друга́я сла́ва ме́сяца, а іншая сла́ва зо́рак; і зорка ад зоркі адро́зніваецца сла́ваю.
42. Так і пры ўваскрасе́нні мёртвых: се́ецца ў тле́нні — паўстае́ ў нятле́нні;
43. се́ецца ў бясчэ́сці — паўстае́ ў сла́ве; се́ецца ў сла́басці — паўстае́ ў сіле;
44. се́ецца це́ла душэ́ўнае — паўстае́ це́ла духо́ўнае. Ёсць це́ла душэ́ўнае — і ёсць це́ла духо́ўнае.
45. Так і напíсана: «першы чалавек Адам стаў душо́ю жыво́ю», а апо́шні Адам — ду́хам жыватво́рчым.
46. Але не духо́ўнае спача́тку, а душэ́ўнае, потым духо́ўнае.
47. Пе́ршы чалаве́к — з зямлі, зямны́; другі чалаве́к — Гаспо́дзь з не́ба.
48. Які зямны́, такія і зямны́я; і які нябе́сны, такія і нябе́сныя;
49. і я́к мы насілі во́браз зямно́га, будзем насіць во́браз і нябе́снага.
50. Але тое скажу, браты, што плоць і кроў не могуць унасле́даваць Царства Божага, і тле́нне не насле́дуе нятле́ння.
51. Кажу вам тайну: не ўсе мы памро́м, але ўсе пераме́німся
52. ра́птам, у імгне́нне во́ка, пры гуку апошняй трубы́: бо затру́біць, і мёртвыя ўваскрэ́снуць нятле́ннымі, а мы пераме́німся;
53. бо тле́ннаму гэтаму нале́жыць апрану́цца ў нятле́нне, і смяро́тнаму гэтаму — апрану́цца ў бессмяро́тнасць.
54. Калі ж тле́ннае гэтае апра́нецца ў нятле́нне і смяро́тнае гэтае апра́нецца ў бессмяро́тнасць, тады здзе́йсніцца сло́ва напíсанае: «паглыну́та смерць перамо́гаю».
55. «Смерць! дзе тваё джа́ла? пе́кла! дзе твая перамо́га?»
56. Джа́ла сме́рці — грэх; а сіла граху́ — закон.
57. Але дзя́куем Богу, Які даў нам перамо́гу праз Госпада нашага Іісуса Хрыста!
58. Дык вось, браты мае́ ўзлю́бленыя, будзьце цвёрдымі, непахíснымі, ца́лкам адда́нымі спра́ве Гасподняй заўсёды, ве́даючы, што пра́ца ваша не ма́рная перад Госпадам.