Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 14
1. Дасяга́йце любові; імкнíцеся да дароў духоўных, асабліва ж да таго, каб прарочыць.
2. Бо хто гаво́рыць мовамі, той гаво́рыць не лю́дзям, а Богу; бо ніхто не разуме́е: ён у ду́ху гаво́рыць тайны;
3. а хто праро́чыць, той лю́дзям гаво́рыць для ўмацава́ння, і падтры́мкі, і суцяшэ́ння.
4. Хто гаво́рыць мовамі, той настаўля́е сябе; а хто праро́чыць, той настаўля́е царкву.
5. Я хачу, каб усе вы гаварылі мовамі; аднак лепш, каб вы праро́чылі; бо той, хто праро́чыць, большы за таго, хто гаво́рыць мовамі, хіба́ што ён і тлума́чыць будзе, каб царква атрыма́ла настаўле́нне.
6. Цяпер жа, калі я прыйду да вас, браты́, і буду гавары́ць мовамі, то якую кары́сць прынясу́ вам, калі не прамо́ўлю вам або адкраве́ння, або ве́даў, або праро́цтва, або павучэ́ння?
7. Нават бязду́шныя рэ́чы, якія ма́юць гуча́нне, — ці жале́йка, ці гу́слі, — калі не пададу́ць выра́зных гукаў, то як даве́дацца, што́ іграюць на жале́йцы ці на гу́слях?
8. І калі труба́ пада́сць няя́сны гук, то хто стане рыхтава́цца да бітвы?
9. Таксама і вы, калі языком будзеце прамаўля́ць незразуме́лыя сло́вы, то як даве́дацца, што́ вы ка́жаце? Вы будзеце гавары́ць на вецер.
10. Колькі ёсць розных гаво́рак на све́це, і ніводнай з іх няма без значэ́ння;
11. але калі я не разуме́ю гаворкі, то для таго, хто гаво́рыць, я — чужазе́мец, і той, хто гаво́рыць, — чужазе́мец для мяне.
12. Так і вы, імкну́чыся да духо́ўнага, намага́йцеся ўзбагацíцца ім дзе́ля ўмацава́ння царквы.
13. А таму той, хто гаво́рыць мовамі, няхай мо́ліцца, каб мог тлума́чыць.
14. Бо калі я малю́ся мовамі, то дух мой мо́ліцца, але розум мой застае́цца без плоду.
15. Што ж рабіць? Буду маліцца ду́хам, буду маліцца і ро́зумам; буду спява́ць ду́хам, буду спява́ць і ро́зумам.
16. Бо калі ты будзеш благаслаўля́ць ду́хам, то я́к той, хто займа́е месца недасве́дчанага, скажа «амінь» на тваю падзя́ку? Ён жа не разуме́е, што́ ты гаворыш.
17. Ты добра ўзно́сіш падзя́ку, але іншы не атры́млівае настаўле́ння.
18. Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару́ мо́вамі;
19. але ў царкве хачу лепш пяць слоў сказа́ць ро́зумам маім, каб і іншых наста́віць, чым дзяся́ткі ты́сяч слоў мо́вамі.
20. Браты́! не будзьце дзе́цьмі ро́зумам: на злое будзьце дзе́цьмі, а ро́зумам будзьце ста́лымі.
21. У законе напíсана: «іншымі мо́вамі і іншымі ву́снамі буду гавары́ць народу гэтаму, але і тады не паслу́хаюць Мяне, кажа Гасподзь».
22. Дык вось, мовы — гэта знаме́нне не для ве́руючых, а для няве́руючых; а праро́цтва не для няве́руючых, а для ве́руючых.
23. Калі ўся Царква збярэ́цца разам і ўсе будуць гавары́ць мо́вамі, а ўво́йдуць недасве́дчаныя альбо няве́руючыя, то ці не скажуць, што вы звар’яце́лі?
24. Калі ж усе праро́чаць, а ўвойдзе нехта няве́руючы альбо недасве́дчаны, то яго ўсе выкрыва́юць, усе су́дзяць,
25. і гэ́так та́йны сэ́рца яго выяўля́юцца, і ён, упа́ўшы ніц, пакло́ніцца Богу і ўсклíкне: «сапраўды́, з вамі Бог».
26. Дык што ж, браты́? Калі вы збіра́ецеся разам і ў кожнага з вас ёсць псало́м, ёсць павучэ́нне, ёсць мова, ёсць адкраве́нне, ёсць тлумачэ́нне, — усё няхай будзе дзе́ля ўмацава́ння.
27. Калі хто гаво́рыць мо́вамі, то няхай гаво́раць двое ці, самае большае, трое, і то па чарзе, а адзін няхай тлума́чыць.
28. Калі ж не будзе тлумача́льніка, то маўчы́ ў царкве, а гавары сабе і Богу.
29. І прарокі няхай гаво́раць двое ці трое, а іншыя няхай разважа́юць;
30. калі ж другому, які сядзíць, будзе адкраве́нне, то першы няхай замаўчы́ць.
31. Бо ўсе можаце адзін за адным праро́чыць, каб усе навуча́ліся і ўсе атры́млівалі суцяшэ́нне.
32. І духі прарочыя падпарадко́ўваюцца прарокам,
33. таму што Бог — не бязла́ддзя Бог, а міру. Так адбыва́ецца ва ўсіх цэ́рквах у святы́х.
34. Жанчыны вашы ў цэ́рквах няхай маўча́ць, бо не дазво́лена ім прамаўля́ць, а нале́жыць падпарадко́ўвацца, як і закон кажа.
35. Калі ж яны хочуць чаму навучы́цца, то няхай пыта́юцца до́ма ў сваіх мужоў; бо непрысто́йна жанчы́не прамаўля́ць у царкве.
36. Хіба ад вас вы́йшла слова Божае? Ці да вас адных яно дайшло́?
37. Калі хто лíчыць сябе прарокам альбо духоўным, няхай зразуме́е: тое, што́ я пішу вам, — гэта за́паведзі Гасподнія;
38. а хто не прызнае́, няхай не прызнае́.
39. Дык вось, браты мае́, дба́йце пра тое, каб прарочыць, але не забараня́йце і гавары́ць мовамі;
40. толькі ўсё павінна адбыва́цца добрапрысто́йна і ў нале́жным пара́дку.