Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 13
1. Калі я размяўля́ю мовамі чалаве́чымі і а́нгельскімі, а любові не ма́ю, то я — медзь, якая звініць, альбо кімва́л, які гудзе́.
2. Калі я маю дар прароцтва, і вало́даю усімі тайнамі і ўсімі ве́дамі, і ма́ю ўсю веру, так што магу і горы перастаўля́ць, а любові не ма́ю, то я — нішто.
3. І калі я разда́м усю маёмасць сваю і адда́м це́ла сваё на спале́нне, а любові не ма́ю, то няма мне ніякай кары́сці.
4. Любоў доўгацярплíвая, міласэ́рная, любоў не зайздро́сціць, любоў не ўзвыша́е сябе, не ганары́цца,
5. не бясчы́нствуе, не шука́е свайго, не раздражня́ецца, не па́мятае зла,
6. не ра́дуецца няпра́ўдзе, а ра́дуецца ісціне;
7. усё пакрыва́е, усяму верыць, на ўсё спадзяе́цца, усё перано́сіць.
8. Любоў ніколі не перастае́, хоць і прароцтвы знíкнуць, і мовы змо́ўкнуць, і веды знíкнуць.
9. Бо мы частко́ва ве́даем і частко́ва праро́чым;
10. а калі наста́не даскана́лае, тады тое, што частко́вае, знíкне.
11. Калі я быў дзіцём, то размаўля́ў па-дзіця́чаму, ду́маў па-дзіця́чаму, разважа́ў па-дзіця́чаму; а калі стаў мужчынам, то пазбы́ўся дзіця́чага.
12. Цяпер мы бачым у адлюстрава́нні, невыра́зна, а тады — твар у твар; цяпер я ве́даю частко́ва, а тады спазна́ю так, як і я спазна́ны.
13. Цяпер жа застаю́цца вера, надзея, любоў — гэтыя тры; але найбо́льшая з іх — любоў.