Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 12
1. А што да духоўных дароў, браты, я не хачу, каб вы засталíся ў няве́данні.
2. Ве́даеце, што калі вы былі язы́чнікамі, то да ідалаў нямы́х хадзілі, бы́ццам хто вёў вас.
3. Таму даво́джу вам, што ніхто, у Духу Божым гаво́рачы, не прамаўля́е ана́фемы на Іісуса, і ніхто не можа назва́ць Іісуса Госпадам, як толькі ў Духу Святым.
4. Розныя ёсць дары́, а Дух — той самы;
5. і розныя служэ́нні, а Гасподзь — той самы;
6. і розныя дзе́янні, а Бог — той самы, Які здзяйсня́е ўсё ва ўсіх.
7. Але кожнаму даецца праяўле́нне Духа на карысць:
8. аднаму даецца Ду́хам сло́ва му́драсці, другому — сло́ва ве́даў тым са́мым Ду́хам;
9. іншаму — вера тым самым Ду́хам; іншаму — дары́ ацале́нняў тым самым Ду́хам;
10. іншаму — цудатварэ́нні, іншаму — праро́цтва, іншаму — распазнава́нне ду́хаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэ́нне моў.
11. Усё гэта здзяйсня́е адзін і той самы Дух, раздаючы́ кожнаму асобна, як Ён жада́е.
12. Бо як це́ла адно, але ма́е многа чле́наў, і ўсе чле́ны аднаго це́ла, хоць іх і многа, з’яўля́юцца адны́м це́лам, — так і Хрыстос.
13. Бо ўсе мы адным Ду́хам ахры́шчаны ў адно це́ла: ці то Іудзе́і, ці Э́ліны, ці рабы́, ці свабо́дныя, і ўсе адным Ду́хам напо́ены.
14. Це́ла ж не з аднаго чле́на, а з многіх.
15. Калі нага́ скажа: «я не нале́жу да це́ла, бо я не рука́», то няўжо́ яна з-за гэтага не нале́жыць да цела?
16. І калі ву́ха скажа: «я не нале́жу да це́ла, бо я не во́ка», то няўжо яно з-за гэтага не нале́жыць да цела?
17. Калі ўсё це́ла — вока, то дзе слых? Калі ўсё — слых, то дзе нюх?
18. Але Бог змясцíў члены, кожны з іх, у це́ле, як Ён пажада́ў.
19. А калі б усе былí адным чле́нам, то дзе це́ла?
20. Дык вось, чле́наў многа, а це́ла адно.
21. Не можа во́ка сказаць руцэ́: «ты мне не патрэ́бна»; альбо таксама галава нага́м: «вы мне не патрэ́бны».
22. Наадваро́т, чле́ны це́ла, якія здаю́цца слабе́йшымі, значна больш патрэ́бныя,
23. і тым, якія здаю́цца нам менш пава́жнымі ў це́ле, мы ўдзяля́ем больш увагі;
24. і непрысто́йным нашым больш добрапрысто́йны вы́гляд надаём, а добрапрысто́йныя нашы не маюць у гэтым патрэ́бы. Але Бог так склаў цела, што менш даскана́ламу надаў больш увагі,
25. каб не было́ раздзяле́ння ў це́ле, а чле́ны аднолькава клапацíліся адзін пра аднаго.
26. Таму калі паку́туе адзін член, то з ім паку́туюць усе чле́ны; і калі сла́віцца адзін член, то з ім радуюцца ўсе члены.
27. І вы — це́ла Хрыстова, а паасо́бку — чле́ны.
28. І адных Бог паста́віў у Царкве, па-першае, Апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэцяе, наста́ўнікамі; затым іншым даў сілы цудатварэ́ння, затым дары́ ацале́нняў, дапамогі, кірава́ння, розныя мовы.
29. Хіба́ ўсе Апосталы? хіба́ ўсе прарокі? хіба́ ўсе цудатво́рцы?
30. хіба́ ўсе маюць дары́ ацале́нняў? хіба́ ўсе гавораць мовамі? хіба́ ўсе могуць тлума́чыць іх?
31. Імкнíцеся да дароў бо́льшых, і я пакажу вам шлях яшчэ даскана́лейшы.