Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 11
1. Будзьце перайма́льнікамі маімі, як я — Хрыста.
2. Хвалю́ вас, браты́, што вы ўсё маё па́мятаеце і трыма́еце пада́нні так, як я перада́ў вам.
3. Хачу таксама, каб вы ве́далі, што кожнаму мужчы́ну галава́ — Хрыстос, а жанчы́не галава́ — муж, а Хрысту галава — Бог.
4. Кожны мужчына, які мо́ліцца альбо праро́чыць з пакры́таю галаво́ю, саро́міць сваю галаву́;
5. і кожная жанчына, якая мо́ліцца альбо праро́чыць з непакры́таю галаво́ю, саро́міць сваю галаву́, бо гэта тое самае, як бы яна была́ паго́лена;
6. бо калі жанчы́на не пакрыва́ецца, то няха́й і стрыжэ́цца; а калі жанчыне со́рамна быць астры́жанай альбо паго́ленай, то няхай пакрыва́ецца.
7. Дык вось, мужчына не павінен пакрыва́ць галаву́, бо ён — во́браз і сла́ва Божая; а жанчы́на — сла́ва му́жа.
8. Бо не мужчы́на ад жанчы́ны, а жанчы́на ад мужчы́ны;
9. і не мужчы́на ство́раны для жанчы́ны, а жанчы́на для мужчы́ны.
10. Таму жанчы́на і павінна мець на галаве знак ула́ды над ёю, для Ангелаў.
11. Зрэ́шты, ні мужчы́на без жанчы́ны, ні жанчы́на без мужчы́ны, у Госпадзе.
12. Бо як жанчына ад мужчы́ны, так і мужчы́на праз жанчы́ну; а ўсё — ад Бога.
13. Судзíце самі, ці прысто́йна жанчы́не малíцца Богу з непакры́таю галавою?
14. І хіба́ не сама прырода ву́чыць вас, што калі мужчы́на адпуска́е доўгія валасы́, то гэта га́ньба для яго,
15. а калі жанчы́на адпуска́е доўгія валасы́, то гэта сла́ва для яе, бо валасы́ да́дзены ёй замест пакрыва́ла?
16. А калі б хто захацеў спрача́цца, то ні мы такога звы́чаю не маем, ні Цэрквы Божыя.
17. Але, даючы́ гэтыя настаўле́нні, я не хвалю́ вас за тое, што вы збіра́ецеся не на ле́пшае, а на го́ршае.
18. Бо, па-першае, чую, што калі вы збіра́ецеся разам як Царква, то паміж вамі быва́юць падзе́лы, і гэтаму частко́ва я веру.
19. Бо павінна быць і разнамы́снасць паміж вамі, каб вы́явіліся сярод вас дасве́дчаныя.
20. Дык вось, калі вы і збіра́ецеся разам, то гэта не зна́чыць, што вы спажыва́еце вячэ́ру Гасподнюю;
21. бо кожны хутчэ́й бярэ́ і есць сваю ўла́сную вячэ́ру, і тады адзін застае́цца гало́дным, а другі ўпіва́ецца.
22. Хіба́ ў вас няма дамоў, каб есці і піць? Альбо хочаце знява́жыць Царкву Божую і прынíзіць тых, хто нічога не ма́е? Што сказаць вам? пахвалíць вас за гэта? Не пахвалю́.
23. Бо я ад Госпада прыня́ў тое, што і вам перада́ў: што Гасподзь Іісус у тую ноч, калі Ён вы́дадзены быў, узяў хлеб
24. і, узнёсшы падзя́ку, пераламíў і сказаў: прымíце, ежце, гэта Цела Маё, Якое за вас пераламля́ецца; рабіце гэта на ўспамін пра Мяне.
25. Таксама і ча́шу пасля вячэ́ры, і сказаў: гэтая ча́ша — новы запаве́т у Маёй Крыві; рабіце гэта кожны раз, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне.
26. Бо кожны раз, калі вы ясце́ хлеб гэты і п’яце́ чашу гэтую, вы смерць Госпада абвяшча́еце — да таго часу, як Ён прыйдзе.
27. Дык вось, хто будзе есці хлеб гэты і піць чашу Гасподнюю недасто́йна, вінава́ты будзе перад Целам і Крывёю Гасподнімі.
28. Няхай жа выпрабо́ўвае сябе чалавек, і тады няхай есць ад хлеба гэтага і п’е з чашы гэтай.
29. Бо хто есць і п’е недасто́йна, той есць і п’е асуджэ́нне сабе, не разважа́ючы пра Цела Гасподняе.
30. З-за гэтага многа сярод вас нядужых і хворых, і паміра́е нямала.
31. Бо калі б мы судзíлі самі сябе, дык не падвярга́ліся б суду́.
32. Але калі падвярга́емся суду́, то атры́мліваем пакара́нне ад Госпада, каб не быць асу́джанымі са све́там.
33. Таму, браты мае́, збіра́ючыся разам, каб есці, адзін аднаго чакайце.
34. Калі ж хто галодны, няхай есць дома, каб збіра́цца вам разам не на асуджэ́нне. Аста́тняе ж уладку́ю, калі прыйду.