Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 10
1. Не хачу, браты́, каб вы засталíся ў няве́данні, што айцы́ нашы ўсе былí пад во́блакам, і ўсе прайшлі праз мора;
2. і ўсе хрысцíліся ў Маісе́я ў во́блаку і ў моры;
3. і ўсе е́лі тую са́мую духоўную е́жу;
4. і ўсе пілí тое са́мае духоўнае пітво́, бо пілí з духоўнай скалы́, якая суправаджа́ла іх; а скало́ю быў Хрыстос.
5. Але не многіх з іх упадаба́ў Бог, таму яны пале́глі ў пусты́ні.
6. А гэта былí право́бразы для нас, каб мы не былí ахво́чымі да зла, як былí ахво́чымі яны.
7. І не будзьце ідалапакло́ннікамі, як некато́рыя з іх, пра якіх напíсана: «народ сеў есці і піць, і падняўся, каб забаўля́цца».
8. І не будзем блудадзе́йнічаць, як некато́рыя з іх блудадзе́йнічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.
9. І не будзем спакуша́ць Хрыста, як некто́рыя з іх спакуша́лі, і загінулі ад змей.
10. І не нарака́йце, як некато́рыя з іх нарака́лі, і загінулі ад знішча́льніка.
11. Усё гэта адбыва́лася з імі як право́бразы; а напíсана было́ для настаўле́ння нам, якіх заста́ла сканчэ́нне вяко́ў.
12. Дык вось, хто ду́мае, што ён стаíць, няхай асцерага́ецца, каб не ўпа́сці.
13. Вас спасцíгла спаку́са не яка́я іншая, як чалаве́чая; і ве́рны Бог, Які не дапу́сціць, каб у вас былí спаку́сы звыш сіл, а пры спакушэ́нні дасць і вы́йсце, каб вы маглі вы́трываць.
14. Таму, узлю́бленыя мае́, уцяка́йце ад ідалапакло́нства.
15. Я кажу́ вам як разу́мным; самі разва́жце пра тое, што кажу́:
16. чаша благаславе́ння, якую мы благаслаўля́ем, — хіба́ гэта не далучэ́нне да Крывí Хрысто́вай? хлеб, які мы пераламля́ем, — хіба́ гэта не далучэ́нне да Це́ла Хрысто́вага?
17. Пако́лькі хлеб адзін, то мы многія — адно це́ла; бо ўсе прычашча́емся ад аднаго хле́ба.
18. Глядзíце на Ізра́іль па пло́ці: тыя, што яду́ць ахвя́ры, — хіба́ не далуча́юцца да ахвя́рніка?
19. Дык што́ я кажу́? ці тое, што ідал нешта зна́чыць, альбо ідалаахвя́рнае нешта зна́чыць?
20. Не; а толькі тое, што язы́чнікі, прыно́сячы ахвя́ру, прыно́сяць яе дэ́манам, а не Богу; а я не хачу, каб вы былí ў лу́чнасці з дэ́манамі.
21. Не мо́жаце піць ча́шу Гасподнюю і ча́шу дэ́манскую; не можаце быць удзе́льнікамі трапе́зы Гасподняй і трапе́зы дэ́манскай.
22. Няўжо мы хочам абудзíць рэ́ўнасць Госпада? Хіба́ мы мацне́йшыя за Яго?
23. Усё мне дазво́лена, але не ўсё кары́сна; усё мне дазво́лена, але не ўсё настаўля́е.
24. Няхай ніхто не шукае кары́сці для сябе, але кожны — для іншага.
25. Усё, што прадае́цца на рынку, е́жце, нічога не дасле́дуючы, са спакойным сумле́ннем;
26. бо Гаспо́дняя зямля́ і тое, што напаўня́е яе.
27. Калі хто з няве́рных пакліча вас і вы захочаце пайсці, дык усё, што прапану́юць вам, е́жце, нічога не дасле́дуючы, са спакойным сумле́ннем;
28. Але калі хто ска́жа вам: «гэта ідалаахвя́рнае», — дык не е́жце дзе́ля таго, хто гэта паве́даміў, і дзе́ля спакою сумле́ння; бо Гаспо́дняя зямля́ і тое, што напаўня́е яе.
29. Пра сумле́нне ж я кажу не сваё, а іншага; бо навошта, каб маю́ свабо́ду судзíлі чужы́м сумле́ннем?
30. Калі я з падзя́каю прымаю е́жу, дык навошта мяне дакара́ць за тое, за што я ўзно́шу падзя́ку?
31. Дык вось, ці ясце́ вы, ці п’яце́, ці яшчэ што робіце, — усё рабіце на славу Божую.
32. Не будзьце прычы́наю спаку́с ні для Іудзе́яў, ні для Элінаў, ні для Царквы Божай,
33. як і я дагаджа́ю ўсім ва ўсім, шука́ючы карысці не для сябе, а для многіх, каб яны спаслíся.