Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кары́нфян першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел, воляю Божаю паклíканы Апостал Іісуса Хрыста, і Сасфе́н брат, —
2. Царкве Божай, якая ў Кары́нфе, асвячо́ным у Хрысце Іісусе, паклíканым святы́м, з усімі, хто прызыва́е імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста ў кожным месцы, у іх і ў нас:
3. благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.
4. Дзя́кую заўсёды Богу майму за вас, за благада́ць Божую, да́дзеную вам у Хрысце Іісусе,
5. таму што ў Ім вы ўзбагацíліся ўсім, усякім словам і ўсякім пазна́ннем,
6. пако́лькі све́дчанне Хрыстова ўмацава́лася ў вас,
7. так што вы не ма́еце няста́чы ні ў якім да́ры, чакаючы адкраве́ння Госпада нашага Іісуса Хрыста,
8. Які і ўмацу́е вас да канца, каб вы былí беззага́ннымі ў дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.
9. Верны Бог, Якім вы паклíканы да супо́льнасці з Сынам Яго Іісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
10. Малю́ вас, браты, íмем Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і не было́ паміж вамі падзе́лаў, але каб вы былі злу́чаны адным разуме́ннем і адно́ю ду́мкаю.
11. Бо ад дама́шніх Хло́і стала мне вядома пра вас, браты мае́, што паміж вамі ёсць спрэчкі.
12. Кажу я так, бо кожны з вас гаворыць: я Па́ўлаў; а я Апало́саў; а я Кíфаў; а я Хрысто́ў.
13. Няўжо раздзялíўся Хрыстос? хіба́ Па́вел быў распя́ты за вас? ці ў імя́ Па́ўла вы хрысціліся?
14. Дзякую Богу, што я нікога з вас не хрысціў, акрамя Кры́спа і Га́ія,
15. каб хто не сказаў, што я хрысціў у сваё імя́.
16. Хрысціў я таксама дом Сцяфа́наў; а больш не ведаю, ці хрысціў каго іншага.
17. Бо Хрыстос мяне паслаў не хрысцíць, а дабраве́сціць, і то не ў му́драсці слова, каб не зрабіць ма́рным крыж Хрыстоў.
18. Бо слова пра крыж для тых, якія гінуць, — гэта неразу́мнасць, а для нас, якія спасаемся, — сіла Божая.
19. Бо напíсана: «загублю́ му́драсць мудрацо́ў, і розум разу́мных адкіну».
20. Дзе мудрэ́ц? дзе кніжнік? дзе зна́ўца ве́ку гэтага? Ці не ператвары́ў Бог му́драсць свету гэтага ў неразу́мнасць?
21. Паколькі ж свет сваёю му́драсцю не пазна́ў Бога ў праму́драсці Божай, то пажада́ў Бог праз «неразу́мнасць» про́паведзі спасцí ве́руючых.
22. Бо і Іудзе́і патрабу́юць цу́даў, і Э́ліны шука́юць му́драсці;
23. а мы прапаве́дуем Хрыста распя́тага: для Іудзе́яў спаку́су, а для Э́лінаў неразу́мнасць,
24. для самíх жа паклíканых — як Іудзе́яў, так і Э́лінаў — Хрыста, Божую сілу і Божую праму́драсць;
25. таму што «неразу́мнае» Божае — мудрэ́йшае за людзей і «слабае» Божае — мацнейшае за людзей.
26. Паглядзíце ж, браты, хто́ вы, паклíканыя: не многа сярод вас му́дрых па плоці, не многа магу́тных, не многа высакаро́дных;
27. але Бог вы́браў неразу́мнае свету, каб пасаро́міць му́дрых, і сла́бае свету вы́браў Бог, каб пасаро́міць моцнае;
28. і бязро́днае свету, і прынíжанае, і нязна́чнае вы́браў Бог, каб пазба́віць сілы зна́чнае, —
29. каб нія́кая плоць не хвалілася перад Богам.
30. Ад Яго ж і вы ў Хрысце Іісусе, Які стаў праму́драсцю для нас ад Бога, і пра́веднасцю, і асвячэ́ннем, і адкупле́ннем,
31. каб было́, як напíсана: «хто хва́ліцца, няхай Госпадам хва́ліцца».