Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кало́сян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 4
1. Гаспадары́, абыхо́дзьцеся з раба́мі па пра́ўдзе і справядлíвасці, ве́даючы, што і вы ма́еце Госпада на нябёсах.
2. Будзьце пастая́ннымі ў малітве, трыва́ючы ў ёй з удзя́чнасцю;
3. малíцеся таксама і за нас, каб Бог адчынíў нам дзве́ры для сло́ва — абвяшча́ць та́йну Хрыстову, за якую я і зняво́лены,
4. каб я вы́казаў яе ясна, як нале́жыць мне абвяшча́ць.
5. Са зне́шнімі абыхо́дзьцеся му́дра, суадно́сячыся з ча́сам.
6. Сло́ва ваша няхай будзе заўсёды з благада́ццю, прыпра́ўленае со́ллю, каб вы ве́далі, як трэ́ба адка́зваць ко́жнаму.
7. Пра мяне ўсё раскажа вам Цíхік, узлю́блены брат і верны служы́цель і супрацо́ўнік у Госпадзе;
8. яго я пасла́ў да вас для таго, ула́сна, каб ён даве́даўся пра вашы справы і суце́шыў сэ́рцы вашы,
9. ра́зам з Анíсімам, ве́рным і ўзлю́бленым бра́там, які ад вас: яны раска́жуць вам пра ўсё, што тут ро́біцца.
10. Віта́е вас Арыста́рх, зняво́лены разам са мною, і Марк, ро́дзіч Варна́вы, — наконт якога вы атрыма́лі нака́зы: калі пры́йдзе да вас, прымíце яго, —
11. таксама Іісус, называ́ны Іу́стам, якія пахо́дзяць з абрэ́заных; гэта адзіныя супрацо́ўнікі для Царства Божага, што былí мне суцяшэ́ннем.
12. Віта́е вас Эпафра́с, які з вашых, раб Іісуса Хрыста, які заўсёды падзвіза́ецца ў малітвах за вас, каб вы былі даскана́лыя і напо́ўненыя ўсім, што даспадо́бы Богу.
13. Све́дчу пра яго, што ён праяўля́е вялікую руплíвасць за вас і за тых, хто ў Лаадыкíі і ў Іера́палі.
14. Віта́е вас Лука́, ле́кар узлю́блены, і Дзіма́с.
15. Віта́йце братоў у Лаадыкíі, і Німфа́на, і дама́шнюю царкву́ яго.
16. І калі гэтае пасла́нне будзе прачы́тана ў вас, зрабіце так, каб яно было́ прачы́тана і ў Лаадыкíйскай царкве; а тое, што з Лаадыкíі, каб і вы прачыта́лі.
17. І скажы́це Архіпу: будзь ува́жлівы да служэ́ння, якое ты прыня́ў у Госпадзе, каб табе вы́канаць яго.
18. Прывіта́нне маёю рукою, Паўлаваю. Па́мятайце пра мае́ ако́вы. Благада́ць з усімі вамі. Амінь.