Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кало́сян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. Дык вось, калі вы ўваскрэ́слі з Хрыстом, то шука́йце вы́шняга, дзе Хрыстос сядзíць правару́ч Бога;
2. пра вы́шняе ду́майце, а не пра зямно́е.
3. Бо вы паме́рлі, і жыццё ваша схава́на з Хрыстом у Богу;
4. калі я́віцца Хрыстос, жыццё ваша, тады і вы бу́дзеце я́ўлены з Ім у сла́ве.
5. Дык умярцвíце зямны́я чле́ны вашы: блуд, нечыстату́, страсць, ліху́ю пажа́длівасць і хцíвасць, якая з’яўля́ецца ідаласлужэ́ннем, —
6. за гэта прыхо́дзіць гнеў Божы на сыно́ў праціўле́ння;
7. гэта і вы не́калі рабілі, калі жылí сяро́д іх.
8. Цяпер жа вы адкíньце ўсё: гнеў, я́расць, злосць, блюзне́рства, брыдкасло́ўе ву́снаў вашых;
9. не лжы́це адно аднаму, бо вы знялí з сябе старо́га чалаве́ка з учы́нкамі яго
10. і апрану́ліся ў новага, які абнаўля́ецца дзе́ля пазна́ння паво́дле во́браза Ствара́льніка яго,
11. дзе няма́ ні Э́ліна, ні Іудзе́я, ні абрэ́зання, ні неабрэ́зання, ні ва́рвара, ні Скíфа, ні раба́, ні свабо́днага, а ўсё і ва ўсім — Хрыстос.
12. Дык апранíцеся як абра́ннікі Божыя, святы́я і ўзлю́бленыя, у сардэ́чную спага́длівасць, до́брасць, пакорнаму́драсць, лаго́днасць, доўгацярплíвасць,
13. ста́вячыся цярплíва адно да аднаго і прабача́ючы ўзае́мна, калі хто на каго ма́е кры́ўду: як Хрыстос праба́чыў вам, так і вы.
14. А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая з’яўля́ецца суку́пнасцю даскана́ласці;
15. і няха́й валада́рыць у сэ́рцах вашых мір Божы, да якога вы і паклíканы ў адным це́ле; і будзьце ўдзя́чнымі.
16. Сло́ва Хрыстова няха́й жыве́ ў вас ва ўсім яго бага́цці, з усякаю му́драсцю; навуча́йце і настаўля́йце на ро́зум адно аднаго псалма́мі, і гімнамі, і пе́снямі духо́ўнымі, з удзя́чнасцю спява́ючы ў сэ́рцах вашых Госпаду.
17. І ўсё, што б вы ні рабілі сло́вам ці ўчы́нкам, усё рабіце ў імя́ Госпада Іісуса Хрыста, дзя́куючы Богу і Айцу праз Яго.
18. Жонкі, падпарадко́ўвайцеся сваім мужа́м, як нале́жыць у Госпадзе.
19. Мужы́, любíце жо́нак вашых і не будзьце жо́рсткімі да іх.
20. Дзеці, слу́хайцеся бацько́ў ва ўсім, бо гэта ўго́дна Госпаду.
21. Бацькí, не раздражня́йце дзяце́й вашых, каб яны не па́далі ду́хам.
22. Рабы́, ва ўсім слу́хайцеся гаспадаро́ў вашых па плоці, не напака́з слу́жачы, як чалавекаўго́днікі, а ў шчы́расці сэ́рца, баючы́ся Бога.
23. І ўсё, што б ні рабíлі вы, рабíце ад душы́, як для Госпада, а не як для людзе́й,
24. ве́даючы, што ад Госпада ва ўзнагаро́ду атрыма́еце спа́дчыну, бо вы слу́жыце Госпаду Хрысту.
25. А хто няпра́веднае чы́ніць, той атрыма́е паво́дле сваёй няпра́веднасці, без зважа́ння на асо́бу.