Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кало́сян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 2
1. Я хачу, каб вы ве́далі, якую вялікую барацьбу́ я вяду́ за вас і за тых, што ў Лаадыкíі і ў Іера́палі, і за ўсіх, хто не ба́чыў аблíчча майго ў пло́ці,
2. каб усце́шыліся сэ́рцы іх, злу́чаныя ў любові і дзе́ля ўсяго бага́цця паўнаты́ разуме́ння, дзе́ля спазна́ння тайны Бога і Айца і Хрыста,
3. у Якім скры́ты ўсе ска́рбы му́драсці і ве́дання.
4. Гэта кажу я, каб хто-не́будзь не ўвёў вас у зман праўдападо́бнымі до́вадамі;
5. бо я, хоць і адсу́тнічаю пло́ццю, але ду́хам з вамі, ра́дуючыся і ба́чачы ў вас лад і цвёрдасць вашай веры ў Хрыста.
6. Дык вось, як прынялí вы Хрыста Іісуса Госпада, так і хадзíце ў Ім,
7. укаранёныя і ўсталява́ныя ў Ім і ўмацава́ныя ў веры, як вы былí наву́чаны, узбагача́ючыся ў ёй з удзя́чнасцю.
8. Глядзíце, каб хто-не́будзь не захапíў вас філасо́фіяй і пусты́м падма́нам паво́дле пада́ння чалаве́чага, паво́дле стыхíй све́ту, а не паво́дле Хрыста,
9. бо ў Ім прысу́тнічае ўся паўната́ Бажаства́ цяле́сна,
10. і вы ма́еце паўнату́ ў Ім, Які з’яўля́ецца галаво́ю ўсякага Нача́льства і Ула́ды;
11. у Ім вы і абрэ́заны былí абрэ́заннем нерукатво́рным, скіда́ннем грахо́ўнага це́ла пло́ці, абрэ́заннем Хрыстовым;
12. пахава́ныя ра́зам з Ім у хрышчэ́нні, у Ім вы ра́зам і ўваскрэ́слі праз ве́ру ў сілу Бога, Які ўваскрасíў Яго з мёртвых,
13. і вас, якія былí мёртвымі ў граха́х і ў неабрэ́занні пло́ці вашай, ажывíў разам з Ім, праба́чыўшы нам усе грахí,
14. сцёршы прад’я́ўлены нам спíсак даўго́ў, што быў су́праць нас; Ён скасава́ў яго, прыбíўшы цвіка́мі да крыжа́;
15. абяззбро́іўшы нача́льствы і ўла́ды, Ён вы́ставіў іх на га́ньбу, перамо́гшы іх Сабою.
16. Дык вось, няха́й ніхто не асуджа́е вас за е́жу, ці за пітво́, ці за тое, што даты́чыць свя́та, ці маладзіка́, ці суботы:
17. гэта — цень бу́дучыні, це́ла ж — Хрыстос.
18. Ніхто няха́й не ўвядзе́ вас у зман праз самаво́льную пакорнаму́драсць і паклане́нне А́нгелам, удаючы́ся ў тое, чаго не бачыў, ма́рна надзіма́ючыся пло́цкім сваім ро́зумам
19. і не трыма́ючыся галавы́, ад якой усё це́ла, су́вязямі і злучэ́ннямі змацава́нае і з’ядна́нае, расце́ ўзраста́ннем Божым.
20. Дык вось, калі вы з Хрыстом паме́рлі для стыхíй свету, то чаму вы, як бы́ццам жывучы́ ў свеце, падпарадко́ўваецеся ўстанаўле́нням:
21. «не дакранайся», «не еж», «не чапа́й» —
22. усё гэта знішча́ецца пры ўжыва́нні — паво́дле за́паведзяў і вучэ́ння чалаве́чага?
23. гэта ма́е толькі вы́гляд му́драсці ў самаво́льным паклане́нні, пакорнаму́драсці і знясíльванні це́ла, у пэ́ўным занядба́нні насычэ́ння пло́ці.