Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Кало́сян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел, во́ляю Божаю Апо́стал Іісуса Хрыста, і Цімафе́й брат, —
2. тым, што ў Кало́сах, святы́м і ве́рным брата́м у Хрысце Іісусе:
3. благада́ць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста. Дзя́куем Богу і Айцу Госпада нашага Іісуса Хрыста, заўсёды мо́лячыся за вас,
4. дачу́ўшыся пра ве́ру вашу ў Хрыста Іісуса і пра любоў, якую вы ма́еце да ўсіх святы́х,
5. у надзе́і на ўгатава́нае вам на нябёсах, пра што вы ране́й чу́лі ў сло́ве ісціны, у дабраве́сці,
6. якое прыйшло́ да вас; як і ва ўсім све́це яно і пладано́сіць, і ўзраста́е, так і сярод вас ад таго дня, як вы пачу́лі і спазна́лі благада́ць Божую ў ісціне,
7. як і навучы́ліся ад Эпафра́са, узлю́бленага сурабо́тніка нашага, ве́рнага дзе́ля вас служы́целя Хрысто́вага,
8. які і паве́даміў нам пра вашу любоў у ду́ху.
9. Таму і мы з таго дня, як гэта пачу́лі, не перастаём малíцца за вас і прасіць, каб вы напаўня́ліся спазна́ннем волі Яго ва ўся́кай му́драсці і разуме́нні духо́ўным,
10. каб жылí дасто́йна Госпада, ва ўсім дагаджа́ючы Яму, прыно́сячы плод ва ўсякай спра́ве до́брай і ўзраста́ючы ў спазна́нні Бога,
11. умацо́ўваючыся ўсякаю сілаю паво́дле магу́тнасці сла́вы Яго, на трыва́ласць ва ўсім і доўгацярплíвасць з ра́дасцю,
12. узно́сячы падзя́ку Богу і Айцу, Які паклíкаў нас да ўдзе́лу ў спа́дчыне святы́х у святле́,
13. Які вы́зваліў нас з-пад ула́ды це́мры і ўвёў у Царства ўзлю́бленага Сына Свайго,
14. у Якім мы ма́ем выкупле́нне Крывёю Яго і прабачэ́нне грахоў,
15. Які ёсць во́браз Бога няба́чнага, першанаро́джаны ране́й за ўсякае стварэ́нне;
16. бо Ім ство́рана ўсё, што на нябёсах і што на зямлі, ба́чнае і няба́чнае: ці то Прасто́лы, ці Дзяржа́вы, ці Нача́льствы, ці Ула́ды — усё праз Яго і для Яго ство́рана;
17. і Ён існу́е ране́й за ўсё, і ўсё ў Ім знахо́дзіцца.
18. І Ён — галава́ це́ла Царквы́; Ён — пача́так, пе́ршынец з мёртвых, каб ва ўсім Ён меў пе́ршынства:
19. бо ўго́дна было́ Айцу, каб у Ім заключа́лася ўся паўната́
20. і каб праз Яго прыміры́ць з Сабою, устанавíўшы мір праз Яго, Крывёю крыжа́ Яго, усё — і зямно́е, і нябе́снае.
21. І вас, якія калісьці былí чужы́мі і варо́жымі Богу ў ду́мках і ліхíх спра́вах,
22. цяпер Ён прыміры́ў у це́ле Пло́ці Яго, сме́рцю Яго, каб паста́віць вас святы́мі, і беззага́ннымі, і бездако́рнымі перад Сабою,
23. калі толькі вы застаяце́ся цвёрдымі і непахíснымі ў ве́ры і не адпада́еце ад надзе́і дабраве́сця, якое вы чу́лі, якое абве́шчана ўсяму́ стварэ́нню паднябе́снаму і якому я, Павел, стаў служы́целем.
24. Цяпер я ра́дуюся ў паку́тах маіх за вас і дапаўня́ю няста́чу ў пло́ці маёй мук Хрыстовых за Це́ла Яго, якім з’яўля́ецца Царква,
25. служы́целем якой я стаў паво́дле даручэ́ння Божага, да́дзенага мне дзе́ля вас, каб у паўнаце́ абве́сціць сло́ва Божае,
26. тайну, схава́ную ад вякоў і ад родаў, а цяпер адкры́тую святы́м Яго,
27. якім пажада́ў Бог паказа́ць, у чым бага́цце сла́вы для язы́чнікаў та́йны гэтай, якая ёсць Хрыстос у вас — надзе́я сла́вы,
28. Якога мы прапаве́дуем, настаўля́ючы ко́жнага чалаве́ка і навуча́ючы ко́жнага чалаве́ка ўсёй му́драсці, каб паказа́ць ко́жнага чалаве́ка даскана́лым у Хрысце Іісусе,
29. дзе́ля чаго я і працу́ю, змага́ючыся сілаю Яго, якая дзе́йнічае ўва мне магу́тна.