Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Друго́е Саборнае Пасланне святога Апостала Іаана Багаслова
Раздзел 1
1. Ста́рац — абра́най спада́рыні і дзе́цям яе, якіх я люблю́ ў íсціне, і не толькі я, але і ўсе, хто спазна́ў íсціну,
2. дзе́ля íсціны, якая знахо́дзіцца ў нас і будзе з намі ве́чна;
3. няхай будзе з вамі благада́ць, мíласць, мір ад Бога Айца і ад Госпада Іісуса Хрыста, Сына Айцовага, у íсціне і любо́ві.
4. Я вельмі ўзра́даваўся, бо сярод дзяце́й тваіх знайшоў тых, што хо́дзяць у íсціне паво́дле за́паведзі, якую мы атрыма́лі ад Айца.
5. І цяпер прашу цябе, спада́рыня, не як новую за́паведзь пíшучы табе, а як тую, што ма́ем ад пачатку: каб мы любíлі адзін аднаго́.
6. Любоў жа ў тым, каб мы жылí паво́дле за́паведзяў Яго. Вось за́паведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб паво́дле яе жылí.
7. Бо ў свет увайшло́ многа ашука́нцаў, якія не прызнаю́ць Іісуса Хрыста, што прыйшо́ў у плоці: такі чалавек — ашука́нец і анты́хрыст.
8. Сцеражы́цеся, каб вы не страцілі таго, над чым працава́лі, а каб атрыма́лі поўную ўзнагаро́ду.
9. Кожны, хто паруша́е вучэ́нне Хрыстова і не застае́цца ў ім, той не ма́е Бога; а хто застае́цца ў вучэ́нні Хрысто́вым, той і Айца, і Сына ма́е.
10. Калі хто прыхо́дзіць да вас і не прыно́сіць гэтага вучэ́ння, не прыма́йце яго ў дом і не віта́йце яго;
11. бо хто віта́е яго, той саўдзе́льнічае ў злых спра́вах яго.
12. Многае меў я напіса́ць вам, але не захацеў на папе́ры чарнíлам, а спадзяю́ся прыйсцí да вас і ву́сна пагавары́ць, каб ра́дасць ваша была́ поўнай.
13. Віта́юць цябе дзеці сястры тваёй абра́най. Амінь.