Псалтыр
Псалмы
Псалом 29
1. У канец, псалом песні на абнаўленне дома Давіда.
2. Узвялічу Цябе, Госпадзі, бо падняў Ты мяне і не даў маім ворагам трыумфаваць нада мною.
3. Госпадзі Божа мой, я паклікаў Цябе, і Ты ацаліў мяне.
4. Госпадзі, Ты вывеў з пекла душу маю, Ты ўратаваў мяне, каб не сышоў я ў дол.
5. Спявайце Госпаду, праведнікі Яго, памятайце і праслаўляйце святасць Яго,
6. бо кара — ў гневе Яго, і жыццё — ў волі Яго; увечары запануе плач, а раніцай — радасць.
7. Я сказаў у час дабрабыту майго: "Не пахіснуся давеку".
8. Госпадзі, па волі Тваёй, дай сілу дабрыні маёй; але Ты адвярнуў аблічча Тваё, і я збянтэжыўся.
9. Да Цябе, Госпадзі, я буду ўсклікаць, да Бога майго буду маліцца.
10. Якая карысць у крыві маёй, калі я сыду ў тленне? Хіба будзе праслаўляць Цябе прах? Ці будзе абвяшчаць ён ісціну Тваю?
11. Пачуў Гасподзь і памілаваў мяне; Гасподзь стаў памочнікам мне.
12. Ты ператварыў плач мой у радасць мне, разарваў Ты лахманы мае і падперазаў мяне весялосцю,
13. каб апявала Цябе слава мая і не быў я засму́чаны. Госпадзі, Божа мой, вечна буду славіць Цябе.