Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Другое Саборнае Пасланне святога Апостала Пятра
Раздзел 1
1. Сíман Пётр, раб і Апостал Іісуса Хрыста, — тым, якія адно́лькава кашто́ўную, як і наша, веру прынялí па пра́веднасці Бога нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста́:
2. благада́ць і мір вам няхай прымно́жацца праз пазна́нне Бога і Хрыста Іісуса, Госпада нашага.
3. Пако́лькі Божая сіла Яго адары́ла нас усім неабхо́дным для жыцця́ і набо́жнасці праз пазна́нне Таго, Хто паклíкаў нас сла́ваю і даскана́ласцю,
4. якімі яна дала́ нам найвялíкшыя і кашто́ўныя абяца́нні, каб праз іх вы ста́лі ўдзе́льнікамі Божай прыроды, аддалíўшыся ад пану́ючага ў све́це растле́ння пажа́длівасцю,
5. таму вы, прыклада́ючы да гэтага ўсе намага́нні, пакажы́це ў ве́ры вашай дабрадзе́йнасць, у дабрадзе́йнасці — разва́жлівасць,
6. у разва́жлівасці — устры́манасць, ва ўстры́манасці — цярплíвасць, у цярплíвасці — набо́жнасць,
7. у набо́жнасці — браталю́бства, у браталю́бстве — любо́ў.
8. Бо калі гэта ў вас ёсць і прымнажа́ецца, то яно не пакíне вас бяздзе́йнымі і бяспло́днымі ў пазна́нні Госпада нашага Іісуса Хрыста́;
9. а ў кім няма́ гэ́тага, той сляпы́, блізару́кі, ён забы́ў пра ачышчэ́нне ране́йшых грахоў сваіх.
10. Таму, браты́, яшчэ больш стара́йцеся, каб ваша паклíканне і абра́нне стала трыва́лым; робячы так, вы ніколі не спатыкняце́ся,
11. бо так адкры́ецца вам свабо́дны ўваход у ве́чнае Царства Госпада нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста.
12. Таму я ніколі не пераста́ну нага́дваць вам пра гэта, хоць вы тое ве́даеце і ўмацава́ны ў гэтай íсціне.
13. Але нале́жным лічу́, пакуль застаю́ся ў гэтай цяле́снай хацíне, абуджа́ць вас напамíнам,
14. ве́даючы, што неўзаба́ве забра́на будзе ў мяне хацíна, як і Гасподзь наш Іісус Хрыстос адкры́ў мне.
15. Буду ж намага́цца, каб і пасля майго адыхо́ду вы заўсёды ме́лі ў сабе памяць пра гэта.
16. Бо мы абвясцíлі вам сілу і прышэ́сце Госпада нашага Іісуса Хрыста, не за хíтра спле́ценымі ба́йкамі пасле́даваўшы, а бы́ўшы све́дкамі Яго ве́лічы.
17. Бо Ён прыня́ў ад Бога Айца паша́ну і сла́ву, калі ад ве́лічнай славы прыйшоў да Яго вось такі голас: «Гэта Сын Мой узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў».
18. І гэты голас, які прыйшоў з нябёсаў, чулі мы, калі былí з Ім на свято́й гары́.
19. Яшчэ мы маем наймацне́йшае праро́чае сло́ва, і вы добра ро́біце, звярта́ючыся да яго, як да свяцíльніка, што ззя́е ў цёмным ме́сцы, паку́ль не пачне́ днець і не ўзы́дзе ра́нішняя зорка ў сэ́рцах вашых,
20. ве́даючы перш за ўсё тое, што нія́кае прароцтва ў Пісанні не дапуска́е асабíстага тлумачэ́ння.
21. Бо ніколі праро́цтва не было́ абве́шчана па волі чалаве́чай, а прамаўля́лі яго святы́я Божыя людзі, натхнёныя Ду́хам Святы́м.