Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Фесаланікійцаў (Салу́нян) другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 2
1. Мо́лім жа вас, браты́: адно́сна прышэ́сця Госпада нашага Іісуса Хрыста і нашай сустрэ́чы з Ім
2. не спяша́йцеся вага́цца ро́зумам і не бянтэ́жцеся ні ад ду́ха, ні ад сло́ва, ні ад пасла́ння, нібы́та намі пасла́нага, бы́ццам ужо наста́ў Дзень Хрыстоў.
3. Няха́й ніхто не ўвядзе́ вас у зман нія́кім чы́нам: бо спача́тку пры́йдзе адступле́нне і адкры́ецца чалаве́к беззако́ння, сын пагíбелі,
4. супрацíўнік, які будзе ўзвыша́ць сябе над усім, што называ́ецца Богам ці святы́няю, так што ў хра́ме Божым ся́дзе ён, як Бог, выдаючы́ сябе за Бога.
5. Хіба́ не па́мятаеце, што, яшчэ бу́дучы з вамі, я каза́ў вам пра гэта?
6. І цяпер тое, што́ стры́млівае, вы ве́даеце, каб ён адкры́ўся ў свой час.
7. Бо та́йна беззако́ння ўжо ў дзе́янні, толькі ёсць той, хто стры́млівае цяпе́р, да таго ча́су, пакуль ён не бу́дзе ўзя́ты з асяро́ддзя;
8. і тады адкры́ецца беззако́ннік, якога Гасподзь Іісус заб’е́ по́дыхам ву́снаў Сваіх і знíшчыць ззя́ннем прышэ́сця Свайго, —
9. той, чый прыхо́д, праз дзе́янне сатаны́, будзе з усёю сілаю, і знаме́ннямі, і цу́дамі лжы́вымі,
10. і з усякім падма́нам няпра́ведным у дачыне́нні да тых, што гíнуць, пако́лькі не прынялí яны любові да íсціны, каб спасцíся.
11. І за гэта Бог пашле́ на іх уздзе́янне аблу́ды, так што яны бу́дуць ве́рыць хлуснí,
12. каб асу́джаны былí ўсе тыя, што не паве́рылі ісціне, а ўпадаба́лі няпра́ўду.
13. А мы заўсёды павíнны дзя́каваць Богу за вас, узлю́бленыя Госпадам браты́, таму што Бог ад пача́тку вы́браў вас для спасе́ння праз асвячэ́нне Ду́хам і веру ў íсціну,
14. да чаго і паклíкаў вас праз дабраве́сце наша, каб вы атрыма́лі сла́ву Госпада нашага Іісуса Хрыста.
15. Так што, браты́, сто́йце і трыма́йцеся пада́нняў, якім вы наву́чаны ці праз сло́ва, ці праз пасла́нне наша.
16. А Сам Гасподзь наш Іісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які ўзлюбíў нас і даў суцяшэ́нне ве́чнае і надзе́ю до́брую ў благада́ці,
17. няха́й суце́шыць вашы сэ́рцы і няха́й умацу́е вас ва ўсякім слове і справе до́брай.