Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ры́млян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 12
1. Дык я прашу вас, браты́, міласэ́рнасцю Божаю адда́ць це́лы вашы ў ахвя́ру жывую, святую, уго́дную Богу, на разу́мнае служэ́нне ваша;
2. і не прыстасо́ўвайцеся да веку гэтага, а пераўтвара́йцеся абнаўле́ннем розуму вашага, каб распазнава́ць вам, у чым воля Божая добрая, і ўго́дная, і даскана́лая.
3. Па благада́ці, да́дзенай мне, кажу кожнаму з вас: не думайце пра сябе вышэ́й, чым нале́жыць думаць, а думайце са сцíпласцю, у адпаве́днасці з тою ме́раю веры, якую кожнаму вы́значыў Бог.
4. Бо, як у адным целе ў нас многа чле́наў, але не ўсе члены выко́нваюць адно́лькавае дзе́янне,
5. так і мы многія — адно цела ў Хрысце, а паасо́бку адзін для аднаго — чле́ны.
6. І паколькі па благада́ці, да́дзенай нам, мы маем розныя дары́, то калі маеш прароцтва, дык праро́ч згодна з вераю;
7. калі маеш служэ́нне, дык будзь у служэ́нні; калі навуча́еш — дык у навуча́нні;
8. калі суцяша́еш — дык у суцяшэ́нні; калі даеш — дык шчыра; калі нача́льствуеш — дык дба́йна; калі мíлуеш — дык з радасцю.
9. Любоў няхай будзе некрываду́шнаю; ухіля́йцеся ад зла, імкнíцеся да дабра;
10. любíце адзін аднаго бра́тняю любоўю; паша́наю адзін аднаго апярэ́джвайце;
11. у руплíвасці не спыня́йцеся; ду́хам палымне́йце; Госпаду служы́це;
12. у надзе́і радуйцеся; у прыгне́чанасці будзьце стойкімі; у малітве — пастая́ннымі;
13. дапамага́йце святы́м у іх патрэ́бах; пра гасцíннасць дба́йце;
14. благаслаўля́йце ганіцеляў вашых; благаслаўля́йце, а не пракліна́йце.
15. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.
16. Будзьце аднаду́мнымі паміж сабою; не ўзно́сьце сябе ў думках, а імкнíцеся за пако́рлівымі; не лічы́це самі сябе му́дрымі;
17. нікому не плацíце злом за зло, а клапацíцеся пра дабро для ўсіх людзей.
18. Калі магчыма, наколькі гэта ад вас зале́жыць, з усімі людзьмі будзьце ў міры.
19. Не по́мсціце за сябе, узлю́бленыя, а дайце месца гневу Божаму. Бо напíсана: «Мая помста, Я адплачу́, — кажа Гасподзь».
20. Дык вось, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі сма́гне, напаí яго; бо, робячы гэта, ты збярэш гара́чае вуго́лле на галаву́ яго.
21. Не будзь перамо́жаны злом, а перамага́й зло дабром.